Музей Вікторыі і Альберта ўпершыню адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у 1852 годзе. Праўленне Вікторыі - найвышэйшы ўздым Брытанскай імперыі. Краіну ў гэты час паважліва называлі "майстэрняй свету", яе статус лідара прамысловага развіцця і тэхнічнага прагрэсу быў неаспрэчным. Першымі ў свеце здзейсніўшы прамысловую рэвалюцыю, брытанцы, адпаведна, першымі сутыкнуліся з патрэбаю эстэтычнага аздаблення тыражаваных вырабаў.
Пошукі новай эстэтыкі для новай вытворчасці ў сваю чаргу справакавалі цікаўнасць да гісторыі матэрыяльнай культуры, часткай якой з'яўляецца дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На гэтай хвалі і ўзнік славуты музей. Ягоныя фонды і сёння ўзбагачаюцца новымі творамі.
Выстаўка ўжо паездзіла па свеце - Карэя, Аўстралія, Злучаныя Штаты Амерыкі. Апошні на сёння прыпынак - Мастацкі музей ў Аклахома-Сіці, ЗША. Выстаўка складаецца з тэматычных раздзелаў. Яна распавядае пра каралеўскае апякунства над мастацтвам у перыяд паміж 1600 і 1800 гадамі. Пра вайсковую славу і культ вайны і перамогі ў афіцыйным мастацтве і побыце сацыяльнай эліты. Пра эстэтычную аздобу рэлігійнай містыкі. Пра ўтылітарную прыгажосць арыстакратычнага жытла. І, нарэшце, пра ролю моднага адзення ў фарміраванні сацыяльнага іміджу.
Напярэдадні адкрыцця выстаўкі наш карэспандэнт распытваў яе куратараў у Мінску і Нясвіжы.
Святлана ПРАКОП'ЕВА, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь:
- Выстаўкі замежнага мастацтва праводзіліся ў нашым музеі яшчэ тады, калі ён быў Дзяржаўным мастацкім музеем Беларускай ССР. Магу, у прыватнасці, згадаць экспазіцыю карцін Дрэздэнскай галерэі. Гэтую традыцыю мы доўжым і сёння. Штогод мы прымаем некалькі замежных выставак. Калі справа датычыць краін Заходняй Еўропы, да арганізацыі выставак далучаюцца Міністэрства замежных спраў і нашы дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжою.
Наталля ЖАРКО, намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж":
- У Нясвіжы выстаўка з Лондана для наведвальнікаў будзе працаваць з 17 жніўня да 4 лістапада. Наш музей толькі-толькі адкрыўся. І выстаўка з Музея Вікторыі і Альберта для нас міжнародны дэбют. Дагэтуль мы мелі кантакты толькі з культурнымі ўстановамі нашай краіны. Праект, што мае здзейсніцца, - вялікая адказнасць і важны досвед. І не толькі для нас, музейшчыкаў, - для ўсёй Беларусі.
Наша краіна ўпершыню прымае са Злучанага Каралеўства выстаўку такога ўзроўню. Дарэчы, гэтую экспазіцыю брытанцы ўпершыню прадстаўляюць на дзвюх пляцоўках. У часе туру па краінах свету яна заўжды экспанавалася ў адным музеі.
Гэты праект ініцыяваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, рэалізаваны з дапамогаю Пасольства Беларусі ў Злучаным Каралеўстве. На згоду Вялікабрытаніі уключыць Беларусь у спіс краін, якія прымуць выстаўку, мабыць, паўплывалі і юбілейная дата - 20 гадоў усталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Злучаным Каралеўствам, і Алімпійскія гульні ў Лондане як падстава для распаўсюджання брытанскай культуры ў свеце. А тое, што яна будзе экспанавацца ў нас, дык Нясвіж сёлета - Культурная сталіца Беларусі. І умовы для экспанавання ў нас добрыя. У лютым, калі брытанскія эксперты аглядалі ў Беларусі экспазіцыйныя пляцоўкі, яны спыніліся на Нацыянальным мастацкім музеі і нашым. Праўда, нам выказалі заўвагі, якія мы ўлічылі, рыхтуючыся прыняць экспазіцыю
Фота Юрыя ІВАНОВА і з архіваМузея Вікторыі і Альберта
На здымках: экспанаты і мантаж выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі.
Эліс ЛОБ, куратар выстаўкі лонданскага Музея Вікторыі і Альберта:
— Наша выстаўка вандруе па свеце. У Мінск яна трапіла са Злучаных Штатаў Амерыкі. Там яна экспанавалася ў Гарадскім мастацкім музеі Аклахома-Сіці. Пасля таго, як Беларусь запрасіла нашу выстаўку і прапанавала для яе экспанавання Нацыянальны мастацкі музей і Нясвіж, мае калегі агледзелі іх і засталіся задаволенымі.
Азнаёміцца з калекцыяй Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў мяне пакуль не было часу. Але тое, што трапіла мне на вочы, калі я праходзіла па залах, падаецца даволі цікавым. Ад Мінска ўражанне таксама фрагментарнае. Магу, аднак, засведчыць, што ваш горад чысты і дагледжаны. Ён выглядае зручным для жыцця. Прынамсі, мая ўвага засяродзілася на мінскіх парках.
Чатыры дні мы працавалі ў Нясвіжы. Мяне вельмі ўразіла тое, што зроблена рэстаўратарамі, і тое, што там прадстаўлена ў музейнай экспазіцыі. Нясвіж — вельмі цікавае месца для наведвання. Экспанаты нашай выстаўкі супадаюць з Нясвіжскім палацам па гістарычным часе і глядзяцца ў ягоных залах, як дома.
Юрый ІВАНОЎ
Фота аўтара