Як зазначыў ва ўступным слове Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы візіт на Беларусь, што пройдзе з 25 па 28 верасня, - ужо сёмы па ліку: 6 ранейшых візітаў былі зроблены Патрыярхам Алексіем ІІ. "Патрыярх Алексій заўсёды вельмі цёпла адзываўся пра свае візіты ў Беларусь, і мы ўпэўнены, што спадабаемся і Патрыярху Кірылу, які ўжо таксама наведваў нашу краіну і ўдзельнічаў тут у шматлікіх мерапрыемствах", - сказаў Уладыка Філарэт. Пад час візіту на Беларусь Патрыярх наведае тры гарады: Мінск, Полацк і Магілёў, дзе запланавана насычаная праграма, якая ў агульным выглядзе ўжо складзена і цяпер удакладняецца.
Пад час прабывання ў сталіцы Яго Святасць пабывае ў Мінскім СвятаДухавым кафедральным саборы, Інстытуце тэалогіі БДУ, сустрэнецца з прадстаўнікамі навуковай і творчай інтэлігенцыі нашай краіны на ўрачыстым вечары ў Палацы Рэспублікі, а таксама наведае храм-помнік у гонар Усіх Святых і Дом міласэрнасці. "Разыначкай" візіту на Беларусь, з нашага пункта погляду, будзе прыезд Патрыярха ў Полацк і яго ўдзел у богаслужэнні, прысвечаным святу Узвіжання Чэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга,- зазначыў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.- Пад час службы Патрыярх здзейсніць чын Узвіжання, выкарыстоўваючы новаствораны крыж Еўфрасінні Полацкай". А завершыцца візіт Патрыярха Кірыла ў Віцебску, дзе ён выступіць у Летнім амфітэатры перад студэнтамі і моладдзю горада.
Па словах Уладыкі Філарэта, Яго Святасць праяўляе вялікую цікавасць да жыцця моладзі, яе інтарэсаў. У гэтым мерапрыемстве чакаецца ўдзел да 8 тысяч чалавек. Як зазначыў Леанід Гуляка, візіт Патрыярха на Беларусь - гэта свята для беларускага народа, бо 82 працэнты вернікаў у нашай краіне - праваслаўныя. Да яго прыезду рыхтуюцца ўсе: ад вернікаў да дзяржаўных чыноўнікаў, і гэта зразумела, бо дзяржава бярэ на сябе пэўную адказнасць і клопат па прабыванні Патрыярха Кірыла на нашай зямлі. Па словах протаіерэя Фёдара (Поўнага), "візіт Свяцейшага Патрыярха Кірыла будзе здзяйсняцца не толькі па запрашэнні главы нашай Царквы, але і па запрашэнні Кіраўніка дзяржавы".
Пад час шматлікіх мерапрыемстваў Патрыярх будзе адкрыты для кантактаў з людзьмі. Акрамя таго, на афіцыйным інтэрнет-партале Беларускай Праваслаўнай Царквы www.church.by будуць прадстаўлены тэксты, гукавыя запісы і фотаздымкі з тых месцаў, якія наведае Яго Святасць. У час візіту Патрыярху Кірылу будзе ўручана і факсімільнае выданне слыннага Слуцкага Евангелля.