ДЗЕНЬ, ЯКІ НЕ ЗАБЫЦЬ
Ва ўрачыстай цырымоніі з нагоды адкрыцця Цэнтра культуры бралі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры, Магілёўскага аблвыканкама, мясцовай выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, грамадскасці.
Перад прысутнымі выступілі намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валерый Малашка, старшыня Касцюковіцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандра Міхеенка; намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Слесарчык; дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Сыранкоў; начальнік упраўлення культуры Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Алег Стэльмашок.
Святочнае мерапрыемства не абышлося без аказання знакаў увагі тым, дзякуючы каму паўстаў новы будынак Цэнтра. За шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Касцюковіцкага раёна і будаўніцтва новага будынка раённага Цэнтра культуры Ганаровымі граматамі і падзякамі Магілёўскага абласнога і Касцюковіцкага раённага выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны супрацоўнікі дзяржаўнага прадпрыемства “Касцюковіцкая перасоўная механізаваная калона № 260”. Раённаму Цэнтру культуры “ГУК “Цэнтральная клубная сістэма Касцюковіцкага раёна” ад Магілёўскага аблвыканкама быў уручаны сертыфікат на 90 000 рублёў на набыццё спецыяльнага аўтамабіля. А сертыфікат на набыццё фартэпіяна быў уручаны прадстаўнікамі Міністэрства культуры. Урачыстая частка завяршылася вялікай канцэртнай праграмай, якая адбылася на новай сцэне новага Цэнтра культуры. Але шлях да гэтага свята быў няпросты.
ПРАБЛЕМА І ШЛЯХІ ЯЕ ВЫРАШЭННЯ
Да нядаўняга часу Цэнтр культуры месціўся ў двухпавярховым будынку 1949 года, у якім з моманту пабудовы ніколі не праводзіўся капітальны рамонт. Не лепей былі справы і з драўлянымі будынкамі 1930 года пабудовы, у якіх былі размешчаны Дом рамёстваў і Школа мастацтваў. Казаць пра адпаведнасць сучасным нарматывам, вядома, не прыходзілася. То-бок праблема была навідавоку.
У 2020 годзе Касцюковічы наведаў тадышні старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Падчас яго сустрэчы з жыхарамі Касцюковічаў Ганаровы грамадзянін Касцюковіцкага раёна Віктар Сугак паставіў пытанне аб неабходнасці новага будынка для раённага Цэнтра культуры, што называецца, рубам. Пытанне было дэталёва разгледжана Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам, і рашэнне аб будаўніцтве новага будынка было зацверджана. А каб паменшыць выдаткі на эксплуатацыю трох асобных старых будынкаў — раённага Цэнтра культуры, раённага Дома рамёстваў і Дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў, — было вырашана размясціць тры ўстановы ў адным новым будынку.
Згодна з прынятым рашэннем напрыканцы 2020 года быў закладзены першы каменьчык у будоўлі новага будынка Цэнтра культуры Касцюковічаў. Фінансаванне (6,5 мільёнаў рублёў) вялося за кошт сродкаў Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2021—2025 гады (у 1986 годзе Касцюковіцкі раён вельмі моцна пацярпеў праз наступствы Чарнобыльскай катастрофы). І роўна праз год будаўнічыя працы былі завершаны.
ЦЭНТР КУЛЬТУРНАГА ЖЫЦЦЯ КАСЦЮКОЎШЧЫНЫ
Новы Цэнтр культуры аб’ядноўвае больш за паўтысячы творцаў самых розных кірункаў. Глядзіце самі. Задачамі раённага Цэнтра культуры з’яўляюцца захаванне і развіццё традыцыйнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, народных мастацкіх рамёстваў, арганізацыя культурнага вольнага часу для людзей розных узроставых груп, правядзенне фестываляў, аглядаў-конкурсаў і многага іншага. Сёння ў ім працуе 35 чалавек, ажыццяўляецца дзейнасць 20 клубных аб’яднанняў, якія яднаюць 291 чалавека. Сярод гэтых аб’яднанняў 11 калектываў, якія маюць ранг “народны” і “ўзорны”. З мэтай развіцця вакальнага жанру на базе Цэнтра працуюць: народная студыя “Шанс”, народны ансамбль народнай песні “Калініца”, народны ВІА “Этыкет”, народны хор ветэранаў працы, народны вакальны ансамбль медыцынскіх работнікаў “Надзея” і народны вакальны ансамбль ЖКГ “Бліскавіца”. Інструментальны жанр развіваюць духавыя аркестры. Актыўна працуюць у гэтым кірунку народны духавы аркестр, узорны духавы аркестр “Новае пакаленне”, народны эстрадны аркестр “Каскад BAND”. А ў жанры “народная інструментальная музыка” працуе народны інструментальны ансамбль “Касцюковіцкія музыкі”. Харэаграфічны жанр прадстаўлены трыма аматарскімі калектывамі, а на 2022 год запланавана адкрыццё яшчэ і тэатральнай студыі. Акрамя гэтага, працуе вялікая колькасць аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах.
Наваселле ў Цэнтры адзначыў і раённы Дом рамёстваў, асноўнымі кірункамі якога з’яўляюцца захаванне і развіццё традыцыйных відаў рамёстваў, дэкатратыўна-прыкладнога мастацтва і арганізацыя выставачнай дзейнасці. На базе РДР працуюць дзіцячыя фарміраванні па некалькіх напрамках: разьба па дрэве, кераміка, вышыўка, ткацтва, батык, салома- і бісерапляценне.
Калектыў Дома рамёстваў — 7 чалавек, а колькасць дзетак, якія штодня займаюцца ў майстэрнях, — 70. А яшчэ працуе народны клуб майстроў-рамеснікаў “Спадчына”, які аб’ядноўвае больш за 45 народных майстроў.
Дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў працуе ў двух кірунках: выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У ёй працуе 7 асоб, а колькасць вучняў папраўдзе ўражвае — 113!
Сам жа будынак выгадна адрозніваецца ад тых, у якіх раней месціліся ўстановы. Глядзельная зала абсталявана самай сучаснай апаратурай і разлічана на 240 месцаў. На першым паверсе будынка маюцца артыстычныя грымёрныя, зала харэаграфіі, вакальная студыя, кабінеты метадычнай і гуртковай працы, майстэрня па пашыве і рамонце сцэнічных касцюмаў, гардэроб. У фае прадугледжана магчымасць правядзення культурных мерапрыемстваў. Другі паверх уключыў выставачную залу, канферэнц-залу, памяшканні гуртковай дзейнасці. Дарэчы, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі прадугледжаны спецыяльныя месцы ў глядзельнай зале, а таксама ліфт на верхні паверх.
P.S.
Нам застаецца толькі дадаць, што Касцюковічы — Малая радзіма таленавітага паэта, эсэіста Алеся Пісьмянкова (1957—2004), у гонар якога штогод ладзіцца рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”.