— У навагоднія святы значную ролю возьме на сабе акцыя “Нашы дзеці”, у рамках якой традыцыйна адбудуцца дабрачынныя мерапрыемствы па віншаванні тых, каму гэта асабліва патрэбна. Як пройдуць мерапрыемствы ў Віцебскай вобласці?
Намеснік начальніка аддзела работы арганізацый сферы культуры ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Алег Агееў:
— Ва ўстановах культуры вобласці адбудуцца тэматычныя спектаклі і інтэрактыўныя прадстаўленні для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Так, 16 снежня ў Віцебску пройдзе абласны навагодні баль для навучэнцаў і студэнцкай моладзі з удзелам кіраўніцтва вобласці. 28 снежня ў Канцэртнай зале “Віцебск” пройдзе абласное навагодняе дабрачыннае свята з удзелам 950 дзяцей з усіх раёнаў рэгіёна. У рамках свята адбудзецца паказ навагодняга прадстаўлення ”Ізумрудны горад. Вяzвяртанне“. 24 снежня ў Наваполацку пройдзе гарадское дабрачыннае свята з паказам “Новы год у Дзедмарозаўку”. 27 снежня ў Полацку пройдзе раённае дабрачыннае навагодняе свята для дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, пераможцаў алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, 29 снежня — для дзяцей-сірот і дзяцей без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў. 28 снежня ў Оршы пройдзе раённае дабрачыннае навагодняе свята з прадстаўленнем “Амаль навагодняя гісторыя”.
— З надыходзячым годам Барысаў перадае абавязкі культурнай сталіцы Оршы. Кожнаму месцу ганарова пранесці гэты статус, які ўтрымоўвае ў сабе і вялікую адказнасць. Як справіліся з абавязкамі культурнай сталіцы ў Барысаве?
Яўген Каласоўскі, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Барысаўскага райвыканкама:
— За 2021 год у Барысаве адбылося 78 асноўных культурных мерапрыемстваў і дадаткова больш за 100. Асноўныя з гэтых фестываляў, выстаў і конкурсаў — гэта, напрыклад, персанальная мастацкая выстава члена Беларускага саюза мастакоў Паўла Амялюсіка, адборачны тур “Славянскага базару — 2021”, канцэрт Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь вакальнай групы “Чысты голас”; выстаўка артэфактаў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь; IV Адкрыты свята-конкурс па вышыўцы “Чароўныя пяльцы”; свята “Летняя феерыя”; фестываль “Японская восень у Беларусі” і многія іншыя.
— Напрыканцы года вынікі сваёй работы падводзіць і Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава. Летась сур’ёзна паўплывала на яго дзейнасць пандэмія каранавіруса. А як вядзецца работа цяпер?
Дзмітрый Жураўскі, загадчык аддзела навукова-выдавецкай дзейнасці і маркетынгу Магілёўскага музея імя П. В. Масленікава:
— Цяпер сапраўды наведвальнікаў стала большаць. Каб прыцягнуць іх, на сваім сайце і ў сацыяльных сетках мы праводзім віртуальныя выставы і відэаэкскурсіі. Падобная практыка выкарыстоўваецца ў многіх музеях. На гэтым тыдні 14 снежня ў нас пачало праводзіцца батлеечнае прадстаўленне “Цар Ірад”. Яно цікава і дзецям і дарослым. З сярэдзіны лістапада да канца снежня ў музеі ладзіцца “Навагодняя майстэрня”, на якой нашы госці вырабляюць ялінкавыя цацкі, паштоўкі, самаробныя падарункі.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ