Віктар Максімавіч ніколі не выхваляўся сваёй “опернасцю”. Надзвычай артыстычны, з непадробным пачуццём гумару і ўменнем перадаць усе гэтыя жартачкі не толькі праз словы, але і, што куды складаней, праз музыку, ён пачуваў сябе на сцэне не гэткім узведзеным на п’едэстал “носьбітам духоўнасці”, а ўсяго толькі тым ці іншым тэатральным персанажам. У залежнасці ад твора ўвасабляў як драматычныя і нават трагічныя, так і камічныя постаці, герояў станоўчых і адмоўных, змрочных і вясёлых. І ў кожным знаходзіў часцінку сябе. Пры ўсім уменні быць, калі трэба, блазнам, гэтак жа паспяхова паўставаў каралём. Да гэтага яго абавязваў сам голас — бас, якому звычайна даручаюцца ці папраўдзе фундаментальныя партыі, што сімвалізуюць падмурак усяго музычнага збудавання, ці, наадварот, парадыйна несур’ёзныя, што рэзка кантрастуюць з гэткай упэўненай грунтоўнасцю самога тэмбру.
Чарнабаеў быў з тых вакалістаў, каго называюць самародкам. За яго плячыма было навучанне хіба ў музычным вучылішчы, маўляў, кансерваторый ды акадэмій ён не заканчваў, трымаўся найперш на прыродных дадзеных, падараваных звыш. І шмат рабіў сам. У кожнай з яго больш як сотні разнастайных партый былі не толькі прыдуманыя і пастаўленыя рэжысёрам, але і знойдзеныя самастойна. Без гэтых уласных разыначак многія яго ролі заставаліся б прэсна-нясмачнымі, але ён умеў надаць кожнай жывое дыханне, зрабіць яе запамінальнай незалежна ад аб’ёму.
А колькі беларускай камернай музыкі ён выканаў! У фондах Белтэлерадыёкампаніі захоўваецца безліч зробленых запісаў — аўдыя і відэа. Ды што казаць, многія кампазітары стваралі свае камерныя вакальныя творы з разлікам на яго акцёрскія здольнасці. Адным з такіх хітоў, здольных упрыгожыць канцэрт любога ўзроўню, была балада “Адкрыйся, сезам!” на верш Сямёна Кірсанава — сапраўдны міні-спектакль, што разыгрываў Чарнабаеў на вачах у здзіўленай публікі.
Віктар Максімавіч быў выдатным апавядальнікам — майстрам сторытэлінгу, як модна гаварыць сёння: што-што, а распавядаць-баяць ён умеў. Можа, яшчэ і прозвішча дапамагала? Вось толькі “чорнага” ў ім нічога не было — хіба акрамя колеру валасоў, гэткай прыроднай брунетавасці. Дый сярод ягоных герояў сустракаліся дастаткова “чорныя”. Але ён умеў надаць ім тыя простыя чалавечыя рысы, што ператваралі персанажаў у “шматкаляровых”. І вымушалі гледача задумацца, навошта такі неблагі, здавалася б, герой робіць жудасныя ўчынкі ці становіцца бурклівым злыднем, што выклікае смех. Прычым смех не злы, не зларадны, а выратавальны: ягоныя героі ўмелі смяяцца з сябе. Дый ён сам — таксама. Ці ж не ў гэтым адзін з ягоных запаветаў як артыста?
Надзея БУНЦЭВІЧ