Чатыры конкурсныя праграмы мае сёлетні фестываль “Лістапад” — вялікага ігравога кіно, дакументальнага, кіно для дзяцей “Лістападзік”, кіно маладых творцаў. У кожнай свой праграмны дырэктар, свая канцэпцыя, свой твар, і кожную мы прадставім асобна. Але варта звярнуць увагу і на насычаную пазаконкурсную праграму — у ёй каля паўсотні фільмаў. Ёсць рэтраспекцыі грузінскага кіно, рэтраспекцыі беларускай анімацыі, фільмы беларускага рэжысёра Віктар Турава да яго 85-годдзя, фільм — пераможца сёлетняга Берлінскага кінафестывалю (гаворка пра стужку “Шалёнае кіно для дарослых” румынскага рэжысёра Раду Жудэ), вялікія падборкі гучных расійскіх, казахскіх і многіх іншых твораў. Цалкам расклад — па кінатэатрах, па сеансах — можна знайсці на афіцыйным сайце фестывалю listapad.org. Толькі кропкава звернем увагу на некаторыя моманты.
Гледачы ўбачаць адзін з самых рэзанансных фільмаў Казахстана апошніх часоў — эпічную карціну “Тамірыс” рэжысёра Акана Сатаева, у якой расказваецца пра легендарную царыцу масагетаў і Кіра Вялікага: стужка мела бюджэт у 6,5 мільёны долараў. Таксама аднымі з першых у свеце мінскія гледачы ўбачаць дакументальную стужку “Qazaq. Гісторыя залатога чалавека”, зробленую на аснове інтэрв’ю славутага амерыканскага кінарэжысёра Олівера Стоўна з першым прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым: такім чынам Олівер Стоўн — суаўтар фільма. І гледачоў, і прафесіяналаў ад кіно зацікавяць паказы такіх яскравых расійскіх фільмаў, як “Залатыя суседзі” рэжысёра Станіслава Марэева з цэлым сузор’ем папулярных акцёраў, “Сумленне” рэжысёра Аляксея Казлова (стужка атрымала тры ўзнагароды на Шанхайскім міжнародным кінафестывалі), “Апошняя «Мілая Балгарыя»” рэжысёра Аляксея Фядорчанкі, “Доктар Ліза” рэжысёра Аксаны Карас — з Чулпан Хаматавай і Канстанцінам Хабенскім у галоўных ролях (два прызы Расійскай нацыянальнай прэміі “Ніка”, Прыз глядацкіх сімпатый фестывалю “Кінатаўр”), і г. д.
Агляд конкурсных праграм пачнём з дакументальных фільмаў: убачыць іх можна ў кінатэатры “Цэнтральны”. Асноўны конкурс дакументальнага кіно прадстаўляе 17 стужак: за невялікім выключэннем усе яны сёлета ўжо пабывалі на фестывалях. Прэм’ернымі можна назваць два фільмы: беларускі “Страла” рэжысёра Галіны Адамовіч — пра ўдзельніц фальклорнага калектыву з вёскі Стаўбун на Гомельшчыне, і расійскі “Іншым я ўжо не буду” рэжысёра Антона Нікалаева, створаны да 75-годдзя акцёра, рэжысёра і грамадскага дзеяча Мікалая Бурляева (ён запрошаны ў якасці ганаровага госця фестывалю). Праграмны дырэктар Асноўнага конкурсу дакументальнага кіно рэжысёр кіно і тэлебачання Сяргей Кацьер выбар “Іншым я ўжо не буду” тлумачыць значнасцю і цікавасцю асобы Мікалая Бурляева, якога паважае і як акцёра, і як грамадскага дзеяча.
І ў гэтых фільмах, і ў іншых, што трапілі ў праграму Асноўнага конкурсу дакументальнага кіно, вымалёўваецца агульная лінія: у цэнтры — чалавек і яго ўнікальная гісторыя. “Я не ставіў сабе задачу знайсці востраактуальныя, злабадзённыя тэмы, — гаворыць Сяргей Кацьер, — падыход быў крыху іншы. Я адбіраў фільмы, якія сваімі героямі гавораць пра агульначалавечыя каштоўнасці, гавораць, як жыць у сучасным складаным свеце і не страціць сваю чалавечую годнасць. Яны аб праблемах, што тычацца нас усіх, незалежна ад геаграфіі і злабадзённасці”.
І сапраўды, у гэтых дакументальных, як правіла поўнафарматных стужках (хронаметраж большы за гадзіну) расказваюцца падчас дзіўныя і вельмі эмацыйныя чалавечыя гісторыі. Вялікі розгалас, напрыклад, меў расійскі фільм “Спецы” рэжысёра Ганны Драніцынай: стужка ўжо атрымала мноства прызоў, у ліку якіх Гран-пры леташняга Адкрытага кінафестывалю дакументальнага кіно “Расія” ў Екацярынбургу і фестывалю “Акно ў Еўропу” ў Выбаргу. Аўтары чатыры гады сачылі за жыццём праблемных падлеткаў у закрытай спецшколе, і можна сказаць, пражылі гэты час разам з імі. У цэнтры — педагог Аляксандр, якому ўдаецца самае цяжкае: любіць сваіх выхаванцаў, маючых праблемы з законам. Гісторыя без хэпі-энду. Канешне, у памяці адразу ўзнікае славуты савецкі фільм “Пацаны” рэжысёра Дзінары Асанавай — і ў сучасным фільме “Спецы” ёсць да яго адсылка. Аб праблемных падлетках, дарэчы, і іспана-расійская стужка “Свабодны палёт” рэжысёра Альгіса Арлаўскаса і балгарская карціна “Ціхая спадчына” рэжысёра Пеці Накавай.
Не пакіне абыякавым і гісторыя з азербайджанскага фільма “Санунку/Апошні” рэжысёра Фарыза Ахмедава. Гледачы змогуць пражыць з героем яго апошнія дні на свеце, і нават з жыццём ён развітаецца пад вокам кінакамеры… Герой гэты — Віталь Пронін, які быў апошнім і адзіным жыхаром вострава Кюрдзілі: востраў пачаў пусцець і дзічэць яшчэ 40 гадоў таму, як узняўся ўзровень вады ў Каспійскім моры. Фільм “Кадакушы” турэцкага рэжысёра Энзара Алтая здымаўся ў Японіі: японскае слова “кадакушы” азначае адзінокую смерць, калі памерлага чалавека знаходзяць толькі праз пэўны тэрмін. Два грузінскія фільмы — таксама дзіўныя гісторыі людзей. “Веласіпедам да Месяца” рэжысёра Георгія Харэбава — пра ўнікальнага спартсмена Джумбера Лежава, які здзейсніў бесперапынную кругасветную вандроўку на веласіпедзе, “МШТ-15. Анёл шчасця” рэжысёра Вахтанга Кунцава-Габашвілі (стужка — уладальнік Гран-пры праваслаўнага фестывалю “Міжнародная Кінаасамблея на Дняпры”) — з цэлым шэрагам герояў, якіх аб’ядноўваюць няпростыя жыццёвыя гісторыі, тэатр і пошукі вызначэння для шчасця.
Фільм “Скажы мне з усмешкай” з Босніі і Герцагавіны рэжысёра Міланы Маяр таксама быў адзначаны прызам на “Кінаасамблеі на Дняпры” — у ім расказваецца пра глуханямую ад нараджэння дзяўчынку, якая вырасла шчаслівай жанчынай, партугальская карціна “Цішыня — галасы Лісабона” рэжысёраў Юдзіт Кальмар і Селіны Карлайл прысвечана дзвюм спявачкам у стылі фаду, якія змагаюцца за выжыванне свайго традыцыйнага мастацтва.
Стужка “Далёкі план” рэжысёра Уладзіміра Галаўнёва зусім нядаўна атрымала Гран-пры Адкрытага фестывалю дакументальнага кіно “Расія” ў Екацярынбургу. Слоган фільма — “Кіно змяняе жыццё людзей”. Гэта гісторыі з розных далёкіх рэгіёнаў Расіі пра тое, як кіно і кінатэатры ратуюць людзей ад адзіноты, алкагалізму, дэпрэсіі і да таго падобнае. Сяргей Кацьер кажа пра стужку “Далёкі план” так: “Для мяне як для чалавека, што 40 гадоў сам здымае фільмы, гэта вышэйшы пілатаж”. Увогуле, пра многія фільмы праграмы Сяргей Кацьер гаворыць, што “гэта кіно, якое ты глядзіш і проста не разумееш, як такое магчыма зняць — з арганічнымі героямі, што проста не заўважаюць камеры, з гумарам і трагедыяй, з усім спектрам эмоцый, як у добрай п’есе”.
І ў астатніх, незгаданых тут фільмах абавязкова ёсць і чалавечыя гісторыі, якія знойдуць водгук у сэрцах гледачоў, і тое высокае кінематаграфічнае мастацтва дакументалістыкі, што ацэняць сапраўдныя аматары кіно.