Музычныя лавачкі па свеце даволі распаўсюджаныя. А вось у Мінску да гэтага часу была толькі адна такая — у гонар кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага: яна была ўсталявана ў Верхнім горадзе ў 2015 годзе да 250-годдзя кампазітара і прайграе славуты паланэз “Развітанне з Радзімай”.
Лаўка ў гонар Алега Молчана другая, і ў яе “рэпертуары” 20 знакамітых песень у выкананні ансамбля “Песняры”, у якім кампазітар і піяніст адпрацаваў дзясятак гадоў і напісаў шэраг знакавых твораў і песенных цыклаў, Ірыны Відавай і ансамбля “Чысты голас”. І лавачка, і мемарыяльная дошка знаходзяцца па адрасе Ракаўская, 20 — там, дзе Алег Молчан нарадзіўся і правёў свае дзіцячыя гады. Абраць менавіта гэты дом, менавіта гэтыя папулярныя турыстычныя мясціны для ўшанавання памяці мужа вырашыла Ірына Відава.
Ірына Відава і мастачка па метале Марыя Тарлецкая.
А не стала Алега Молчана два гады таму — свет ён пакінуў заўчасна пасля працяглай хваробы, на 55-м годзе жыцця. За прайшоўшыя два гады Ірына Відава, якая была не проста жонкай, але і выканаўцай яго песень, і падтрымкай мужу ва ўсіх справах, зрабіла надзвычай шмат, каб памяць пра Алега Молчана і напісаную ім музыку жыла. Можна згадаць і канцэрты з яго твораў, і выдадзеныя альбомы, і творчыя сустрэчы, і прыз яго імя на міжнародным фестывалі “Чырвоны гваздзік”, і артыкулы з тэлеперадачамі. На мінулую гадавіну смерці на доме па вуліцы Ракаўскай з’явілася мемарыяльная дошка, над якой працаваў тандэм двух вядомых беларускіх скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава. Увесну на Усходніх могілках у Мінску быў адкрыты помнік Алегу Молчану аўтарства гэтых жа скульптараў: у ідэі помніка пазнаецца раяль.
Цяпер пад мемарыяльнай дошкай з’явілася музычная лавачка — для яе стварэння Ірына Відава звярнулася да мастачкі па метале Марыі Тарлецкай. Менавіта яны ўдзвюх — Ірына Відава і Марыя Тарлецкая — і здзейснілі самы ўрачысты акт на адкрыцці арт-аб’екта 26 кастрычніка: знялі белую тканіну з лавачкі, адкрыўшы яе ўсім прысутным. Мастацкая ідэя лавачкі — таксама раяль. А вось медальён у верхнім левым кутку з жаночым профілем стварыў ізноў жа Сяргей Аганаў: “У гэтым профілі лёгка пазнаць Ірыну Відаву, — гаворыць скульптар. — Ірына лічыла, што з яе боку гэта будзе не вельмі сціпла, але я яе пераканаў. Па-першае, поспех творцы шмат у чым залежыць ад таго, хто з ім побач. Па-другое, гэтая лаўка — падарунак Ірыны Відавай гораду”.
Пра падарунак гораду згадвалася і на адкрыцці: пра гэта ў сваёй прамове сказала Наталля Вітчанка, першы намеснік старшыні праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў. Насамрэч, праект здзейснены за ўласныя сродкі ўдавы. “Гэта падарунак ад нашай сям’і, — удакладняе Ірына, — бо будуць гучаць цудоўныя мелодыі Алега Молчана. Мая ж місія цяпер — зрабіць усё дзеля таго, каб яго музыка стала неўміручай”.
Фота Таццяны Матусевіч