— Засталося не так шмат часу, калі адбудзецца традыцыйнае ўзнагароджванне прэміяй “За духоўнае адраджэнне”. Разлічваць на яе могуць і прадстаўнікі рэгіёнаў. Колькі кандыдатаў будуць прадстаўлены ад Гродзенскай вобласці?
Алена Клімовіч, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:
— Мы падалі на конкурс спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь чатыры кандыдатуры і праекты. Па-першае, кандыдатуру настаўніка Лідскага дзяржаўнага музыкальнага каледжа Людмілы Пясецкай за выхаванне творчай моладзі. Па-другое, кандыдатуру Зоі Пятроўскай, рэжысёра ўзорнага тэатра эстрадна-спартыўнага танца ДУК “Слонімскі цэнтр культуры і адпачынку”. Па-трэцяе, калектыў трох аўтараў ДУК “Лідскі раённы цэнтр культуры і адпачынку” за ўклад у аднаўленне строяў маладаследаваных тэрыторый Лідскага і Навагрудскага раёнаў. Па-чацвёртае, узорны фальклорны калектыў “Скарбоначка” Дземброўскага сельскага дома фальклору за ўклад у развіццё народнага танца. Да таго ж тут танцуюць Дземброўскую кадрыль, якая ўнесена ў спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. Вось што вылучыла Гродзенская вобласць на суісканне дадзенай ганаровай прэміі, але няхай пераможа найгоднейшы.
— На гэтым тыдні стала вядома, што на рамонт даху ў філіяле музея Янкі Купалы ў Вязынцы выдзялілі 80 тысяч рублёў. Як хутка збіраюцца выканаць неабходны рамонт там?
Вольга Лебедзь, намеснік дырэктара па адміністратыўна-гаспадарчай рабоце Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы:
— У наступны дзень пасля выдзялення грошай мы абвясцілі працэдуру закупкі матэрыялаў і пошук падрадчыка на пляцоўцы Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан’юнктуры цэн. У панядзелак наступнага тыдня стане вядома, хто займецца перакрыццем даху ў філіяле. Калі падрадчык будзе сумленным, работу павінны выканаць яшчэ ў гэтым годзе. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць міністру культуры Анатолію Маркевічу за добрасумленнае і адказнае стаўленне да бягучых спраў нашага музея. Бо ведаю, што ён трымаў гэтую справу на кантролі.
— У наступным годзе краіна будзе святкаваць 140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа. Як да яго рыхтуюцца ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі імя Якуба Коласа?
Аліна Красоціна, намеснік дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа па навуковай рабоце:
— На працягу юбілейнага 2022 года запланаваны шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 140-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа: перасоўныя часовыя экспазіцыі, прысвечаныя жыццю і творчасці Якуба Коласа, якія будуць экспанавацца ў раённых і абласных цэнтрах Рэспублікі Беларусь і за межамі краіны; сумесныя мерапрыемствы з установамі, якія названы ў гонар класіка беларускай літаратуры. Запланаваны таксама цыкл радыё- і тэлеперадач, адбудзецца літаратурна-мастацкі конкурс сярод школьнікаў і моладзі па творчасці Якуба Коласа. Традыцыйна пройдзе і канферэнцыя “Каласавіны”. Але ж хачу зазначыць, што наступным годам мы таксама будзем святкаваць і 140-годдзе з дня нараджэння яшчэ аднаго нашага народнага песняра Янкі Купалы. З гэтай нагоды плануецца сумесны праект з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы ў літаратурным музеі на мемарыяльнай сядзібе Смольня.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ