У сваім прывітальным слове кіраўнік дэлегацыі гасцей, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Таджыкістан Назарыён Абід Адзілзода цытаваў старадаўнія паэтычныя радкі пра сяброўства і адзначыў, што ў свеце, дзе так шмат супярэчнасцей, менавіта культура дазваляе будаваць масты паразумення.
Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада згадаў пра вельмі важны этап, які знітоўвае гісторыю двух народаў — той час, калі таджыкскія воіны поплеч з прадстаўнікамі многіх іншых народаў бралі чынны ўдзел у вызваленні Беларусі ад нацыстаў. Ды выказаў упэўненасць, што такія старонкі агульнай гісторыі ніколі не забываюцца.
Праграма Дзён культуры была даволі разнастайная, а яе эпіцэнтрам стаў гала-канцэрт на сцэне Белдзяржфілармоніі, які адбыўся 7 кастрычніка.
Яго дбайна зрэжысаваная праграма нібы ставіла за мэту цягам няпоўных дзвюх гадзін ненавязліва пазнаёміць беларускую публіку з найлепшымі здабыткамі шматвяковай таджыкскай культуры — ад сівой даўніны і да цяперашняга часу. Гледачы пачулі, як гучаць аўтэнтычныя уд, конун і най, пасмакавалі ў арыгінале радкі знакамітага паэта XIII стагоддзя Саадзі Шарозі… І змаглі належна ацаніць сучасную таджыкскую эстраду. Але яшчэ больш эмацыйна на яе рэагавалі прадстаўнікі дыяспары. Выступ поп-зоркі Чаршанбэ Алаватава літаральна “парваў залу”. Не дужа часта здараецца, каб на такіх імпрэзах людзі масава танчылі ў праходах!
А сапраўднай зоркай вечара стаў танцавальны ансамбль “Парасту”. Высокапрафесійны, вынаходлівы, яркі… Кожны яго нумар мае сваю адметную драматургію і харэаграфічную лексіку. Знаёмства з рэпертуарам калектыву выклікае жаданне глыбей пацікавіцца таджыкскай культурай наогул. Значыць, сваю ролю візітоўкі краіны “Парасту” выконвае на ўсе сто.
Чым яшчэ ўражвалі таджыкскія танцоркі, дык гэта канцэртнымі касцюмамі. Адзін з іх нумароў пераўтварыўся ў своеасаблівае дэфіле. Дэманстравалася калекцыя сусветна вядомага куцюр’е Хуршэда Саторава, які па-майстэрску інтэгруе ў сучасную моду знакамітую вышыўку чакан ды іншыя этнічныя матывы. Адпаведна, гэты важны пласт культуры таксама быў прадстаўлены мінскаму гледачу.
А яшчэ яго чакалі прыемныя сюрпрызы. Спярша спявак Зафар Абдуалімаў выканаў “Бялявую, чарнявую” — што важна адзначыць, без акцэнту. А трохі пазней яго калега, імпазантны Бахціёр Ібрагімаў заявіў, што беларускія песні любяць ды ведаюць у Таджыкістане многія — ды сарваў шквал апладысментаў сваёй “Беларусачкай”.
Думаецца, да Дзён культуры Беларусі ў Таджыкістане нашы артысты падрыхтуюць не горшы сюрпрыз. А ў тым, што такая акцыя з часам адбудзецца, не сумняецца ніхто.
Сяргей ПЯТРОЎСКІ