Блізняты “Кася” і “Бася” гасцююць у сталіцы, альбо Крыху Манмартру ў цэнтры Мінска
Лёсы будынкаў як лёсы людзей. Бацькі могуць мець нейкія планы адносна будучыні свайго немаўляці, а будзе не гэта, а тое, што будзе. Будаўнікі гродзенскіх воданапорных вежаў, што сёння маюць статус помніка прамысловай архітэктуры, канешне ж, не ўяўлялі, што на гэтых паверхах у перспектыве атабарыцца мясцовы Манмартр, і менавіта ў гэтай якасці яны прыдбаюць вядомасць і рэспект. Але вось ужо трыццаць год тут месціцца гродзенская філія парыжскай Меккі мастацтва — майстэрні жывапісцаў, графікаў, скульптараў. Склад насельнікаў час ад часу змяняецца, а вось аўра адухоўленасці нязменная.
Шэсць жыхароў вежаў зараз экспануюць свае творы ў сталічным Палацы мастацтва. Назву выставы “ВЕЖЫ. KASIA&BASIA” вызначылі пяшчотныя імёны, якія гродзенцы далі сваім блізнятам. Вежы паказваюць турыстам, а тыя шкадуюць, што нельга прайсціся па паверхах, зазірнуць у майстэрні… У гродзенцаў нават узнікла ідэя, што някепска было б побач з вежамі стварыць невялікую выставачную залу, дзе была пастаянна дзейная экспазіцыя твораў мастакоў, што працуюць у вежах. Так што, калі наведаеце зараз Палац мастацтва, лічыце, вам пашчасціла болей, чым гасцям Гародні, — вы зазірнулі ў майстэрні Вежаў.