Сёлета шмат узнагарод раз’ехалася ў рэгіёны. “Крыштальная Паўлінка” паселіцца ў Бабруйску — менавіта там жыве і плённа працуе заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Парфяновіч. Фармулёўка “За адданасць беларускаму тэатру” — гэта сапраўды пра яго. Аляксандр Аляксандравіч са студэнцкай лавы працуе ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. За 44 гады сыграў нямала прыкметных роляў. Адна з самых значных — сляпога старца Шэна ў спектаклі Таццяны Траяновіч па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага “Кропкі на часавай восі”.
“Крыштальны анёл” паляцеў у Гомель. Узнагароду з рук старшыні БСТД Аляксея Дударава атрымала вядучы майстар сцэны Гомельскага тэатра лялек Тамара Гарачава. “Крыштальная кветка” за найлепшы дэбют прарасце ў Магілёве. Актрыса Вераніка Баранава працуе ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры з 2015 года. У ее скарбонцы каля 15 роляў, сярод якіх Эльза ў “Снежнай каралеве” і Магдалена ў “Таямніцы старой ратушы”.
У сталіцы застанецца толькі “Крыштальная зорка”. БСТД нарэшце прыкмеціў харызматычнага Паўла Харланчука-Южакова, без якога не абыходзіцца амаль ніводнай прэм’еры ў Купалаўскім. Спадар Павел, які паспявае здымацца ў айчынным і замежным кіно, ствараць вострахарактарныя ролі, быў узнагароджаны “за вялікі ўклад у тэатральнае мастацтва Беларусі і шматгадовую творчую працу”.