— Васіль Пятровіч, вам даводзілася ілюстраваць літаратурную класіку, вы — аўтар аркушаў выразна грамадскага зместу. Але які са сваіх твораў вы вылучылі б як сваю творчую візітоўку? Вось, да прыкладу, вашага калегу Арлена Кашкурэвіча ведаюць найперш па ілюстрацыях да “Фаўста”…
— Я не буду арыгінальным, калі скажу, што мне дарагія ўсе мае работы, уключна з тымі, у якіх досыць выразна адбіліся характэрныя рысы эпохі, цяпер ужо прамінулай. Можа, не ўсе з іх пасуюць сацыяльным рэаліям і культурным прыярытэтам цяпершчыны, але ўсё гэта маё жыццё. Мой занатаваны досвед, чалавечы і творчы.
А твор, да якога я доўга ішоў і якім, мяркую, магу законна ганарыцца — гэта ілюстрацыі да міцкевічавай паэмы “Пан Тадэвуш”. Работа над кнігай для мяне была карыснай ужо тым, што я мусіў акунуцца ў атмасферу “беларускай Атлантыды” — часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, прааналізаваць творы тых, хто браўся за гэту тэму раней і паспрабаваць зрабіць як мінімум не горш за іх. “Пан Тадэвуш” з маімі ілюстрацыямі выйшаў у свет у 1985 годзе, а потым двойчы перавыдаваўся. У першым выданні было 24 ілюстрацыі, у апошнім, 2018 года, — 36 і яшчэ партрэт Адама Міцкевіча на франтыспісе. Дарэчы, калі два гады таму я паказваў супрацоўнікам выдавецтва кнігу 1985 года, яны былі ўражаны тым, што за савецкім часам была такая якасная паліграфія.
— “Пан Тадэвуш” для вас, як я разумею, падарунак лёсу. А ці былі ў вашай творчай практыцы праекты, якія можна назваць здзейсненай марай?
— Так. Гэта праца над ”Новай зямлёй” Якуба Коласа. Я з дзяцінства ведаў усю паэму на памяць — цяпер, на жаль, магу прыгадаць хіба толькі фрагменты. І з дзяцінства марыў яе праілюстраваць. Паходжаннем я вясковец, і ўсё напісанае там мне зразумела і блізка. Быў вельмі задаволены, калі атрымаў прапанову зрабіць ілюстрацыі да коласавай паэмы. Першы раз кніга з маёй аздобай выдавалася на трох мовах — беларускай, рускай і польскай.
— Наколькі я ведаю, вы хацелі быць жывапісцам, але склалася так, што вашай творчай спецыялізацыяй стала графіка. Не сумуеце па алейных фарбах?
— Я шмат працую з акварэллю, якая на мяжы жывапісу і графікі. А ілюстрацыі да згаданых кніг рабіў паводле законаў станковай карціны. Ды і ўспрымаюцца яны па-за кнігай як малафарматныя жывапісныя палотны. Так што абраўшы графіку, я і з жывапісам не развітаўся.
— Выстава ў Нацыянальным мастацкім — свайго кшталту, падсумаванне творчых дасягненняў? Прыхільнікі вашага таленту пабачаць на ёй вядомае і любімае?
— Не. Гэта будзе не рэтраспектыва. Вялікую рэтраспектыўную выставу я ладзіў да 70-годдзя. А цяпер аснову экспазіцыі складуць работы, якіх яшчэ ніхто не бачыў. З узростам хочацца быць бліжэй да прыроды. Вось я і набыў дом на роднай Мядзельшчыне, дзе праводжу шмат часу. Будуць на выставе акварэлі, зробленыя ў дарагіх майму сэрцу мясцінах. Дапоўняць іх акварэльныя ілюстрацыі да Адама Міцкевіча і серыя работ па матывах паэзіі Янкі Купалы.
— А што ў творчых планах?
— Задумаў цыкл партрэтаў людзей нашай культуры. Большасць з іх я ведаў асабіста, сябраваў з імі. Гэта Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Максім Танк, Уладзімір Караткевіч, Генадзь Бураўкін… А вось Уладзімір Дубоўка мне знаёмцам не быў, але ягоная паэзія моцна паўплывала на мае светапогляды, на вызначэнне жыццёвых каштоўнасцяў і творчых арыенціраў.
У маладыя гады шукаеш самасцвярджэння ў сацыяльна актуальных тэмах, у грамадскіх справах. Мне прыемна, што мае работы мелі добры розгалас сярод культурніцкай грамады. Ладны кавалак жыцця я аддаў нашай мастацкай акадэміі. Ганаруся, што маімі вучнямі былі тыя, у каго сёння я і сам магу чамусьці павучыцца.
А вось ва ўзросце, які называюць паважным, усё болей засяроджваешся на асабістым, прыватным. Аднак, спадзяюся, што і гэты паварот у маёй мастакоўскай біяграфіі будзе цікавым для гледачоў.