15 сімфоній, 6 канцэртаў, 3 оперы, 3 балеты, шматлікія творы камернай музыкі — усё гэта і многае іншае маглі пачуць і пабачыць госці як з Мядзельшчыны, так і з усіх куткоў Беларусі падчас наведвання імпрэзаў фестывалю, якія доўжыліся з 3 па 9 жніўня. А адкрываўся ён сёлета ў гарадскім пасёлку Нарач. У канцэртнай праграме “Шастаковіч і італьянская музыка XVIII стагоддзя” прынялі ўдзел як беларускія, так і вядучыя замежныя музыканты.
Заключны канцэрт з удзелам айчынных музыкантаў, а таксама салістаў Парыжскай оперы Соф’і Пятровіч (Сербія) і Даніэлы Енчавай (Балгарыя) прайшоў 9 жніўня — у дзень смерці Дзмітрыя Шастаковіча — у касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў паселішчы Шэметава, што на Мядзельшчыне. У канцэртнай праграме прагучала “Элегія” Дзмітрыя Шастаковіча, а таксама твор Stabat Мater Джавані Батыста Пергалезі.
Як вядома, традыцыя правядзення фестывалю Шастаковіча ў Шэметава — у вёсцы, дзе жыў прадзед кампазітара Пётр Шастаковіч — была закладзена яшчэ ў 2016 годзе. Тады ў касцёле ўпершыню прайшоў канцэрт беларускіх музыкантаў, прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння кампазітара. Фестываль Шастаковіча адбыўся таксама і летась. А сёлета “дэсант” яго замежных удзельнікаў быў асабліва прадстаўнічым — што, безумоўна, сведчыць пра далейшае развіццё фестывальнай хады ў гэтым чароўным азёрным краі. Цікава, хто з сусветна вядомых мэтраў класічнай музыкі наведвае Шэметава ў 2019-м годзе?