Галоўная падзея фэсту — выстава ў Палацы мастацтваў, адбор твораў для экспазіцыі якой, як і да астатніх, даручана рабіць італьянскаму эксперту па пытаннях сучаснага мастацтва Стэфана Антанэлі. У праграме “Арт-Мінска” таксама будуць задзейнічаны: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, галерэя “БелАрт” і іншыя пляцоўкі.
Жаданне прыняць удзел у фэсце выказалі 810 аўтараў, сіта адбору прайшлі 250. Акрамя твораў беларусаў, у праект адабраны работы мастакоў з Расіі і краін Прыбалтыкі.
Дырэктар Цэнтра выяўленчага і медыямастацтва “Новая культурная ініцыятыва” Аляксандр Зіменка нагадаў, што культура — гэта не раскоша, а сацыяльная неабходнасць, таму да ўдзелу дапушчаныя фактычна ўсё аўтары, якім ёсць што сказаць грамадзе.
Спадар Антанэлі адзначыў, што яму было вельмі балюча адмаўляць мастакам, але трэба лічыцца з тым, што выставачная прастора хоць і немалая, але абмежаваная. Па словах эксперта, будучая экспазіцыя бачыцца яму як дэманстрацыя беларускай ідэнтычнасці і запрашэнне да міжнароднага дыялогу, бо няпроста быць самімі сабою і адначасова адпавядаць сусветным трэндам.
Куратар прызнаўся, што раней пра Беларусь нічога не ведаў і за некалькі дзён знаходжання тут зрабіў для сябе шмат цікавых адкрыццяў. Скажам, у нас мастакі шмат увагі надаюць краявіду, а на Захадзе такі жанр адсунуты на перыферыю з-за шырокай даступнасці высокаякаснай фотатэхнікі. “Смартфон усё ж такі пацясніў жывапіс”, — кажа італьянскі эксперт.
Развіваючы думку госця пра ідэнтычнасць як запрашэнне да сумоўя, старшыня праўлення “Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка адзначыў, што фестываль якраз і мусіць даць магчымасць музеям і галерэям выйсці за межы сваёй канцэптуальнай акрэсленасці і паспрыяць стварэнню ў сталіцы адзінай культурнай прасторы.
Дырэктар Рэспубліканскай мастацкай галерэі Аляксандр Зінкевіч дадаў, што праект мусіць канчаткова разбурыць яшчэ існуючыя ў пэўных асяродках стэрэатыпы пра культурную недаспеласць у Беларусі. Калі справа пойдзе, фестываль “Арт-Мінск-2018” можа стаць новай штогадовай гарадской традыцыяй.