Як паведаміла на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава, удзельнікаў і наведвальнікаў выставы чакаюць пяць дзён насычанай праграмы — прэзентацыі выданняў, творчыя сустрэчы, мерапрыемствы на дзіцячай пляцоўцы...
Сёлета ганаровы госць кніжнага кірмашу — Рэспубліка Сербія. Цэнтральны экспанент — Рэспубліка Казахстан. Галоўнай тэмай выставы абраны тэзіс “Беларусь — культурная пляцоўка Еўропы”, але на айчынных стэндах узгадаюць і пра 500-годдзе кнігадрукавання.
— Нягледзячы на тое, што гэтая ўрачыстая дата святкавалася ў 2017 годзе, наша мерапрыемства з’яўляецца яе завяршальным акордам, — адзначыла Алена Паўлава. — Таму мы вырашылі прывезці ў выставачны комплекс друкарскі станок XVI стагоддзя. Акрамя гэтага, на цэнтральным стэндзе будуць прэзентаваныя каштоўныя выданні, прысвечаныя беларускаму кнігадрукаванню.
Падчас кірмашу пісьменнікі блізкага і далёкага замежжа прымуць удзел у IV Міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час”. На наступным тыдні адбудзецца і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 57-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”.
— Гэта адзнака за вялікія дасягненні ў літаратурнай сферы, своеасаблівы кніжны “Оскар”, — лічыць Дзмітрый Макараў, генеральны дырэктар прадпрыемства “Макбел”, якое з’яўляецца суарганізатарам выставы. — Вельмі прыемна, калі ты можаш падзякаваць людзям за іх творчасць.
Па словах Алены Паўлавай, за апошняе дзесяцігоддзе выпуск кніг айчыннымі выдавецтвамі стабілізаваўся, і ім будзе што прадставіць на кірмашы.
— Павялічваюцца наклады кніг на беларускай мове, яна цяпер у трэндзе, — адзначае спецыяліст. — У 2017-м, напрыклад, выпушчана 1314 найменняў агульным тыражом 4 мільёны 337 тысяч асобнікаў — на 17 працэнтаў больш, чым у папярэдні год. Атрымліваецца, што цяпер кожная пятая кніга выпускаецца на беларускай мове.