1 лютага ўжо паступілі ў продаж падарункавыя сертыфікаты наміналамі ў 10, 20, 30, 50 і 100 рублёў, якія з 23 лютага па 18 ліпеня можна абмяняць на білеты. На першым этапе іх рэалізацыі будуць даступныя білеты на сольныя праекты ў Летнім амфітэатры; на другім, што распачнецца 23 сакавіка, — на ўсе канцэрты на гэтай сцэне; на трэцім, аб пачатку якога паведамяць пазней, — на іншых пляцоўках.
Сталі вядомыя і некаторыя імёны артыстаў, якіх прыме горад на Заходняй Дзвіне. Публіку ў Амфітэатры чакае сапраўды сенсацыйны канцэрт з двух аддзяленняў з удзелам Горана Брэгавіча і яго Wedding and Funeral Orchestra і Эміра Кустурыцы з The No Smoking Orchestra (на здымках). Дзве гэтыя культавыя творчыя постаці некалі пасварыліся вусьмерць, і вось ужо каторы год добразычліўцы спрабуюць навесці паміж імі ранейшыя сяброўскія масты. Як ведаць, можа, на віцебскай зямлі здарыцца іх канчатковае прымірэнне? А Кустурыца, дарэчы, у рамках кінапраграмы фэсту прадставіць гледачам свой апошні фільм “Па Млечным Шляху”. Весяліць гаспадароў і гасцей форуму стане, у прыватнасці, расійскі праект “Comedy Family. Супершоу”. Адным жа з фінальных акордаў “Славянскага базару-2018” будзе сольнік гурта “Мумий тролль”.