У рамках святочных мерапрыемстваў адбыўся традыцыйны кніжны кірмаш духоўнай і асветніцкай літаратуры беларускіх і польскіх выдаўцоў, выступленні фальклорных калектываў з Беларусі, Польшчы і Літвы, у тым ліку ансамбля “Грамніцы” з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, першая замежная прэм’ера фольк-рок-оперы Рамана Арлова “Усяслаў Чарадзей”, гастролі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а таксама міжнародная міждысцыплінарная навуковая канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел вучоныя з Беларусі, Польшчы і Расіі.
Да гэтага свята Фондам у гонар дабравернага князя Канстанціна Астрожскага (Беласток, Польшча) была створана перасоўная выстава на польскай мове “500 гадоў “Бібліі рускай” Францыска Скарыны”, на якой прадстаўлены не толькі выявы старадрукаў нашага першадрукара, але і фотаздымкі месцаў і людзей, з якімі ён быў так ці іначай звязаны. Падчас Дзён славянскага пісьменства і культуры выстава размяшчалася ў цэнтральным гарадскім парку імя каралевы Алены. У бліжэйшых планах арганізатараў паказаць праект у Беластоку, Варшаве, Кракаве.
Матэрыялы для выставачнага праекта былі прадстаўлены намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесем Сушам. Ім жа сумесна з прафесарам з Польшчы Антоніем Мірановічам быў падрыхтаваны тэкст буклета, якім будзе суправаджацца выставачны праект.
Фота аўтара