Гэту эксклюзіўную серыю кніг па гісторыка-археалагічным вывучэнні найстаражытных гарадоў Беларусі адкрыла манаграфія В.Ляўко “Віцебск” (2010), затым сумесна з гісторыкамі Акадэміі навук Беларусі былі выдадзены кнігі “Полацк” (2012) і “Друцк” (2014). Тры фундаментальныя працы — вынік шматгадовых даследаванняў беларускіх навукоўцаў, якія паднялі цэлы пласт найноўшых гістарычных крыніц, сістэматызавалі велізарны матэрыял, які дагэтуль ніколі і нідзе не публікаваўся. У выданнях сабраны разам звесткі па археалогіі, пісьмовыя і графічныя крыніцы. Кнігі аформлены каляровымі фотаздымкамі, схемамі, якія дазваляюць прадставіць выгляд гарадоў мінулага.
Гэта найстаражытнейшыя, самыя вядомыя па летапісах і самыя багатыя на гістарычныя падзеі беларускія гарады, якія ўзніклі ў канцы IX — X стагоддзяў і былі спачатку племяннымі цэнтрамі, затым — цэнтрамі дзяржаўнасці, — расказала Вольга Ляўко. — Полацк, Віцебск (Падзвінне) і Друцк (Прыдняпроўе) уваходзілі ў склад Полацкай зямлі на першым этапе развіцця. Пачынаючы з XIV стагоддзя (з перыяду ўваходжання ў склад ВКЛ і Рэчы Паспалітай) гісторыя рэзка змянілася: Віцебск выйшаў на першае месца і да XIX стагоддзя ператварыўся ў губернскі горад, Полацк заняў узровень ніжэй, а Друцк стаў цэнтрам буйных прыватных валадарстваў. На старонках кніг паказана, як складаўся лёс гарадоў.
Віцебск Вольга Ляўко даследуе ўжо больш трыццаці гадоў. Па кнізе можна прадставіць старажытную архітэктуру замкаў і слабод, убачыць прадметы даўніны, знойдзеныя падчас раскопак. Менавіта тады было выяўлена былое месца размяшчэння адноўленых Успенскага сабора і Васкрасенскай царквы: рэшткі падмуркаў дазволілі з дакладнасцю вызначыць месца размяшчэння старых храмаў. Гэтыя і шмат іншыя гістарычныя факты, сабраныя па дадзеных археалогіі, нумезматыкі і пісьмовых вытокаў, ўвайшлі ў манаграфію Вольгі Ляўко “Віцебск”.
Кніга “Полацк” таксама падрабязна распавядае пра Полацк і Полацкае княства IX — XIII стагоддзяў: пра летапіс старажытных пластоў, рамёствы, грашовы зварот, гістарычныя сувязі, культуру і асвету сярэднявечнага горада. Тая ж структура захавана і ў выданні “Друцк”. Апошнія знаходкі, выяўленыя пры раскопках у Друцку ў 2013 годзе, дэманструюць, як горад ператвараўся з племяннога цэнтра ў гарадскі, як развіваліся гандлёвыя сувязі Беларусі: гэта і вялікая калекцыя ўпрыгожванняў з каляровых металаў і сцякла, і княжыя пячаткі, гіркі, посуд, крыжыкі, тканіны і інш. На кургане ў Друцке было знойдзена ўнікальнае пахаванне XII стагоддзя. Усё гэта адлюстравана ў кнізе.
Таццяна САЛАЎЁВА
Фота аўтара