У час свята вуліцы Эліны Ажэшкі ў Гродне. / Фота Марка ХАРЛАМАВА
Краязнаўцы стварылі выстаўку старых фотаздымкаў. Для самых маленькіх наведвальнікаў працавала дзіцячая пляцоўка, дзе можна было не толькі пагуляць у гульні, але і з’есці марожанае ў стылізаванай савецкай кавярні. А з гісторыяй кожнага дома па вуліцы Ажэшка гродзенцы маглі пазнаёміцца праз адмысловую экспазіцыю.
Пра гісторыю старадаўняй вуліцы распавядае краязнаўца, дарэчы, і яе жыхар, Віктар Саяпін:
— Першыя згадкі пра вуліцу адносяцца да 1560 года, калі ў валочным вымярэнні вуліц горада яна насіла назву “Новая дарога да Верцялішак”. Потым назва змянялася неаднойчы. У 1760 — 80 гады пачалася забудова. Тады ж (а гэта час кіравання гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза) тут пасялілі ў маленькіх дамках майстроў з Заходняй Еўропы, праўда, на жаль, толькі адна з тых пабудоў засталася тут пасля. З 1802 года вуліца называлася Раскоша. Развіццё сваё яна атрымала, калі была пабудавана чыгунка.
Цяпер асноўныя будынкі, што захаваліся на гэтай вуліцы, адносяцца да канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. З тых старых дамкоў можна вылучыць дом № 1 — колішні палац Масальскіх, які мае цікавую гісторыю. Ён паўстаў у 1740-х як дом так званай Медыцынскай акадэміі Жана-Эмануіла Жылібера. Акадэмія, па сутнасці, ніколі ў гэтым будынку не змяшчалася, бо яго ўзвялі, калі ўстанову ўжо перавезлі ў Вільню…
Андрэй МЯЛЕШКА
Гродна