(Працяг. Пачатак у № 35 — 40.)
Баляслаў быў маладзейшы за Зігмунда на тры гады, але, нягледзячы на юны ўзрост, вельмі хутка авалодаў прафесійнымі прыёмамі канспірацыі і да пары да часу ў складаных сітуацыях, што пагражалі арыштам ды судом, выходзіў сухім з вады. Адна з выдатных яго акцый, якая ўвайшла ў дэтэктыўную гісторыю таго часу, — бліскучая арганізацыя разам з ішуцінцамі фантастычнага ўцёку з маскоўскай перасыльнай турмы Яраслава Дамброўскага, будучага генерала, з якім Мінейка пазней, у 1871 годзе, пазнаёміўся на парыжскіх барыкадах. Пасля ўцёку вязня і знаходжання яго на канспіратыўнай кватэры, Шастаковіч дабыў Дамброўскаму фальшывы пашпарт на імя адстаўнога палкоўніка Фон Рыхтара — і пераправіў яго ў Пецярбург.
Зігмунд і Баляслаў адразу ж знайшлі агульную мову і добра разумелі адзін аднаго. Па версіі таго самага Вашкевіча, таварыша Мінейкі па ўцёку, які, як потым стала вядома, аказаўся правакатарам, агентам III жандарскага аддзялення, гутаркі Шастаковіча і Мінейкі насілі крамольны характар.
Але, мабыць, данос Вашкевіча трапіў у жандарскае ўпраўленне пазнавата: Зігмунд паспеў вышмыгнуць. Апошняя сустрэча Шастаковіча і Мінейкі адбылася ў маскоўскім доме Варвары Каліставай — каханай Баляслава Пятровіча. Тут было вырашана, як і ў выпадку з Дамброўскім, як мага хутчэй адправіць Зігмунда ў Пецярбург, а адтуль — за мяжу, з новымі падложнымі дакументамі, бо пра імя “перасяленца Альфрэда Струмілы”, бегляка з Томска, патрэбна было забыць назаўсёды. Так з’явіўся на белы свет “граф Фон Меберт, брытанскі падданы”.
Праўда, самому Баляславу Шастаковічу не пашанцавала: хутка ён быў арыштаваны як “палітычны злачынец”, у тым ліку за арганізацыю ўцёку ды ўкрывальніцтва Дамброўскага, і пасля прысуду апынуўся ў пажыццёвай ссылцы ў Томскай губерні, потым — у Нарымі. У Сібіры яго верная таварышка Варвара Калістава, якая стала ягонай жонкай, нарадзіла аж чатырох сыноў і трох дачок, у тым ліку — Дзмітрыя, які праз шмат гадоў падарыў свету геніяльнага кампазітара Дзмітрыя Дзмітрыевіча Шастаковіча. Вось такі дзіўны кругазварот чалавечых лёсаў, карані якіх насычаны сокамі беларускай зямлі…
У Пецярбургу Зігмунда чакалі загадзя прыхаваныя ў верных сяброў грошы, прывезеныя раней — “на ўсялякі выпадак” — маці Цэцыліяй, калі ёй прыснілася, нібыта ейны сын-небарака вельмі галадае ў Сібіры, але хутка павінен апынуцца на беразе Нявы. Успамінаючы тыя дні ў Пецярбургу, Мінейка пісаў пра вялікую паслугу, аказаную яму… агентам тайнай паліцыі некім Плаксіным, які прасякнуўся вялікім даверам да “графа Фон Меберта” і нават арандаваў для яго асобную шыкоўную кватэру.
“Графа Фон Меберта”, апранутага з іголачкі, з бліскучымі арыстакратычнымі манерамі, высакароднай паставай, пецярбуржцы са свецкага кола прынялі як і належыць. Дзякаваць богу, яго ніхто ў горадзе не сустрэў са старых знаёмых па інжынернай школе ці з акружэння Татлебена. Хаця Зігмунд доўга затрымлівацца ў Пецярбургу не збіраўся…
Летнім днём 1865 года граф Фон Меберт папрасіўся на прыём да пецярбургскага генерал-губернатара князя Аляксандра Суворава (дарэчы, унука знакамітага генералісімуса), каб той зрабіў “пустую фармальнасць”: выдаў дазвол на замежны пашпарт. Дарэчы, Сувораў лічыўся чалавекам ліберальных поглядаў, яго паважала сталічная студэнцкая моладзь, а вышэйшая адміністрацыя недалюблівала. “Я ўзброіўся смеласцю, пераапрануўся ў зграбнае адзенне, з маноклем, які свабодна матляўся на камзоле, і спружыністым шагам падышоў да князя, прывітаў яго і падаў падпісаную мной просьбу”, — пазней успамінаў Зігмунд Станіслававіч. Пашпарт быў атрыманы без праблем.
Праз некалькі дзён Мінейку годна і з павагай, пад пырскі шампанскага, праводзілі на Неўскую прыстань і пасадзілі на англійскі карабль. Да Англіі Зігмунд не даехаў: затрымаўся ў Галандыі. Адтуль жа пасля двух месяцаў адпачынку выехаў у Парыж.
У Парыжы Мінейка, не губляючы часу, дамогся аўдыенцыі ў імператара Другой імперыі Шарля Луі-Напалеона III і маляўніча распавёў яму пра горкі лёс ссыльных сяброў-французаў, з якімі Зігмунда звялі акалічнасці. Дарэчы, існуе версія, што аблічча гэтага імператара (авал твару, форма носа, вусы і барада) з’явілася прататыпам для хрэстаматыйнага ілюстрацыйнага вобраза Барона Мюнхгаўзена пад алоўкам Густава Дарэ. А ці ведаеце вы, што назву “Лацінская Амерыка” як палітычны тэрмін увёў якраз гэты манарх, які меў на ўвазе распаўсюджванне французскага ўплыву на тыя тэрыторыі, дзе гаварылі на раманскіх мовах?
Так здарылася, што ў час прабывання Мінейкі ў Парыжы расійскі цар Аляксандр II наведаў з афіцыйным візітам Францыю. І пасля прыязнай сустрэчы двух імператараў усе адзінаццаць ссыльных французаў (разам з італьянцамі) вярнуліся з далёкай Сібіры на радзіму. У знак падзякі Шарль Луі Напалеон прапанаваў Зігмунду прайсці курс вучобы (за кошт французскай дзяржавы) у ваеннай школе пры Акадэміі Генеральнага штаба Францыі — Ecole d’Application d’Etat Major.
У 1868 годзе, пасля паспяховага заканчэння вучобы, Зігмунда ўгаворвалі прыняць удзел у складзе замежнага легіёна ва ўціхамірванні мяцежных арабаў у Алжыры ў званні капітана французскай арміі. Але Мінейка мякка адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што яго чакаюць у Балгарыі, дзе туркі пачыналі будаўніцтва чыгункі, мастоў, каналаў ды іншых інжынерных аб’ектаў.
Сапраўды, яго там чакалі. І туркі, і балгары памяталі гэтага маладога таленавітага інжынера яшчэ па пачатку 1860-х, калі ён пачынаў будаваць 220-кіламетровую чыгунку паміж Варнай і Русе. Дарэчы, Зігмунд быў адным з тых, хто заклаў інжынерныя асновы першай у Балгарыі дзяржаўнай чыгункі, якую пабудавалі ў 1885-м, і першай міжнароднай магістралі ад Свіленграда праз Сафію да Драгамана (1888 г.).
Гэтым разам Зігмунду доўга папрацаваць у Балгарыі не ўдалося, хаця ён “за руплівасць, самаадданасць і вернасць” паспеў атрымаць турэцкі ордэн Маджыда (па імені султана Аль-ал-Маджыда, які заснаваў яго ў 1851 годзе). Ці думаў ён тады, што праз нейкі час будзе змагацца з туркамі, нядаўнімі дабрадзеямі, за свабоду Грэцыі?..
Падзеі, звязаныя з франка-прускай вайной і наступнай рэвалюцыяй у Парыжы, прымусілі Мінейку тэрмінова вярнуцца на берагі Сены. Апошняга французскага манарха Луі-Напалеона III ужо і след прастыў: пасля паражэння Францыі ён часова пакутаваў у нямецкім палоне, потым жыў у Англіі, і на радзіму больш ніколі не вярнуўся.
Між тым, у красавіку — маі 1871 года нястрымны Зігмунд ізноў, як заўсёды бывала ў яго турботным жыцці, апынуўся, прычым добраахвотна (!), у самай гушчыні чарговых драматычных падзей. І што яму перашкаджала спакойна жыць-пажываць ды будаваць інжынерныя камунікацыі ў той жа Балгарыі, маючы за гэта ад туркаў усё, што пажадаў? Можа, у яго было адчуванне нявыкананага абавязку перад краінай, якая яго прытуліла?..
Гэтым разам гаворка ідзе пра падзею, што ўвайшла ў гісторыю пад знакавай назвай “Парыжская камуна”. Канешне ж, у першую чаргу Зігмунд сустрэўся з Яраславам Дамброўскім, які камандаваў атрадамі Заходняга сектара абароны Парыжа ад версальцаў і выконваў абавязкі каменданта Парыжскага ўмацаванага раёна. Пра свой асабісты ўдзел у барыкадных баях Мінейка ў мемуарах не напісаў. Хутчэй за ўсё, ён змагаўся побач і з Дамброўскім, і з іншымі героямі-камунарамі Луі Эжэнам Варленам, Раулем Рыго, Шарлем Ферэ, якія супольна займалі, так бы мовіць, адзін абарончы “пятачок” Парыжа. Усе яны гераічна загінулі ў баях з версальцамі. Загінуў 23 мая 1871 г. і генерал Яраслаў Дамброўскі (памёр ад цяжкага ранення ў бальніцы Ларыбуазьер). Але Мінейку зноў пашанцавала: ён паспеў пазбегнуць групавога расстрэлу на могілках Пер-Лашэз. 28 мая, у апошні дзень Камуны, Зігмунд здолеў тайна пакінуць Парыж, каб апынуцца спачатку ў той жа Балгарыі — тады яшчэ турэцкай правінцыі, — а потым назаўсёды асталявацца ў Грэцыі.
І так павярнуўся непадуладны розуму лёс, што менавіта Грэцыя да канца доўгага жыцця Мінейкі стане не толькі другой радзімай для яго, але і месцам нараджэння знакамітага клана Мінейкаў-Папандрэу, з якога выйшлі выдатныя палітычныя дзеячы Элады, у тым ліку аж тры прэм’ер-міністры.
У сярэдзіне 1870-х гадоў Зігмунда пацягнула на Антычнасць: ён распачаў археалагічныя пошукі старажытна-грэчаскага храма Зеўса ў Дадоне — мясцовасці ў паўночна-заходняй частцы Грэцыі. Гэта — у Эпіры, дзе калісьці знаходзіўся аракул Зеўса. Дадона — адна з акеанід, каханая Зеўса. Яшчэ Сакрат расказваў сваім вучням пра Дадону, дзе жрацы прадказвалі па шамаценні лістоты дуба. З таго часу прайшло больш за дзве тысячы гадоў…
Заняты інжынернымі работамі, галоўны інжынер Эпіра і Фесаліі Мінейка распачаў раскопкі і знайшоў рэшткі храма ля падножжа гары Тамора, залучыў у гэтую справу аматара-археолага і банкіра Канстанціна Карапанаса, які шукаў гэтае свяцілішча яшчэ раней і паспеў знайсці рэшткі антычнага тэатра на 16 тысяч месцаў. Пра ўсе свае пошукі той напісаў кніжку “Dodone et ses ruines” (1878 г.). Але знайсці ўласна свяцілішча давялося Мінейку.
Падкрэслю, што нічога не знайшлі і шматлікія грэчаскія ды замежныя археолагі, якія на працягу мінулых двух стагоддзяў да гэтага ў пошуках храма прааралі не адзін кіламетр зямлі. Але менавіта Мінейку, улюбёнцу лёсу, пашанцавала больш за ўсіх. Скажу, што ў XIX стагоддзі гэты забыты раён паўночна-заходняй часткі Грэцыі наведвалі многія падарожнікі, бо легенды пра свяцілішча ўладыкі багоў Зеўса, з яго свяшчэнным дубам, медным гонгам і трыножнікам, існавалі даўно. Сярод тых, хто бліжэй за ўсіх падышоў да сапраўднага месца пошукаў, былі англічане У.Лік, К.Лінкольн, К.Водсварт. Іх запісамі ў некаторай ступені і скарыстаўся Мінейка. А што да Карапанаса, то пра сваю знаходку тэатра ён паведаміў перш за ўсё не ў Афіны, а ў Парыж. Больш за тое: найбольш каштоўныя рэчы паспеў прадаць Берлінскаму музею, і толькі малая частка экспанатаў апынулася ў Нацыянальным археалагічным музеі грэчаскай сталіцы.
Словам, Мінейка зрабіў сапраўдную сенсацыю. Былі знойдзены бронзавыя рэчы, статуэткі, алавяныя дошкі з адказамі аракула на пытанні па розных выпадках жыцця і г.д. Сам храм перастаў існаваць у IV стагоддзі нашай эры пры імператары Феадосіі I…
(Заканчэнне будзе.)
Чытайце таксама папярэднія часткі матэрыяла пра Зігмунда Мінейку:
Частка І, Частка ІІ, Частка ІІІ, Частка ІV, Частка V, Частка VI.