На трох секцыях — бібліятэчнай, музейнай справы і цэнтраў народнай творчасці — кіраўнікі дзяліліся вопытам, узнімалі хвалюючыя праблемы і шукалі іх вырашэнне.
Перад адкрыццём секцый начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч заклікала да сур’ёзнага дыялогу. Яна запрасіла ўсіх зацікаўленых звярнуць увагу на “Кодэкс аб культуры”, новая рэдакцыя якога неўзабаве будзе праходзіць другое чытанне ў парламенце. І пакуль яшчэ можна ўнесці пэўныя змены ў гэты дакумент, гэта трэба зрабіць. Ірына Уладзіміраўна нагадала, што бібліятэчнай секцыі мае сэнс разабраць пытанне алічбоўкі дакументаў, музейнай — парадак уліку фондаў, цэнтрам народнай творчасці — праблему прававога статусу сельскіх бібліятэк-клубаў.
Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава асвятліла работу публічных бібліятэк краіны па адраджэнні гістарычнай памяці, пазнаёміла калег з комплексам навуковых, адукацыйных і сацыякультурных мерапрыемстваў, прымеркаваных да стагоддзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Асаблівая ўвага была нададзена каардынацыйнай і метадычнай рабоце публічных бібліятэк, камплектаванню і алічбоўцы фондаў, абароне персанальных даных карыстальнікаў.
Дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага Марына Ігнатовіч адзначыла, што ёй асабліва цікавы вопыт калег пра алічбоўку дакументаў, а таксама інфармацыя, звязаная з прымяненнем “Закона аб персанальных дадзеных”.
Начальнік аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Святлана Каржук сказала, што на семінары яна хоча пачуць метадычныя парады па забеспячэнні работы клубных арганізацый, парады па вядзенні дакументацыі, арганізацыі дзейнасці работы клубаў. Бо яе аддзел курыруе 2389 клубных арганізацый па ўсёй краіне, прасоўвае і заахвочвае ініцыятывы іх работнікаў, развівае культурныя брэнды рэгіёнаў.
Намеснік па навукова-асветніцкай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Святлана Анейка выказала думку, што дзяліцца вопытам пры асабістых сустрэчах калег асабліва карысна, перадусім таму, што іх было значна менш у разгар пандэміі. Адна з павестак гэтага семінара — арганізацыя музейнага форуму, які плануецца правесці ў Віцебску. Нацыянальны музей таксама арганізуе падобныя дыялогавыя пляцоўкі, дзеліцца напрацоўкамі, асабліва захоўвання і рэстаўрацыі экспанатаў. Нацыянальны мастацкі музей супрацоўнічае і з іншымі музеямі профілю, рэгулярна возіць часовыя выставы ў рэгіёны. У маі запланавана выстава, прысвечаная Году гістарычнай памяці, у Брэсцкай крэпасці. Ды і ў Оршу музей збіраецца прывезці шэраг карцін да Дня Перамогі, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння мастака Міхаіла Савіцкага.
Дырэктар музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік падчас свайго выступу падзяліўся вопытам і праектамі, якія яго ўстанова плануе ажыццявіць. Па яго словах, шмат намаганняў было аддадзена стварэнню экспазіцыі, прысвечанай нашаму славутаму класіку Кандрату Крапіве. Яшчэ адзін праект, на які зараз выдаткуецца час, — запуск трох залаў пастаянных экспазіцый, прысвечаных гісторыі развіцця беларускай літаратуры. Таксама ў супрацоўніцтве з музеямі Масквы і Санкт-Пецярбурга адбываецца абмен выставамі аб пісьменніках абодвух народаў.
Кожная з трох секцый правяла працяглае пасяджэнне, пасля якога дэлегацыі адправіліся на канцэрт салістаў Нацыянальнага тэатра оперы і балета, а таксама працягнулі знаёмства з Оршай. На наступны дзень кіраўнікі ўстаноў культуры сустрэліся з міністрам Анатоліем Маркевічам і прысутнічалі на канцэрце-адкрыцці культурнай сталіцы Беларусі — 2022.
Павел САЛАЎЁЎ
Фота аўтара
Мінск — Орша — Мінск