— Пра здымкі “Ідзі і глядзі” сказана ўжо нямала. Чаму ў вас узнікла жаданне зноў звярнуцца да гэтай тэмы?
— Найперш гэта, напэўна, асабістае. Калі я вучыўся на Вышэйшых рэжысёрскіх курсах, Элем Клімаў, як і многія іншыя выбітныя майстры, чытаў у нас лекцыі. Мне яны надоўга запомніліся, дый сама магчымасць наўпрост стасавацца з мэтрам стала падарункам лёсу. Даўно адчуваў, што павінен неяк вярнуць гэтую пазыку. І вось цяперашні фільм — своеасаблівая спроба лёсу аддзячыць.
Другі фактар — піетэт да творчасці Алеся Адамовіча. На мой погляд, у Расіі гэты вялікі пісьменнік сёння недаацэнены. Перавыданняў яго класічных твораў няма, і гэта няправільна. Каб была мая воля, абавязкова ўвёў бы ў школьную праграму хаця б пару раздзелаў з дылогіі “Партызаны”. Спадзяюся, наш фільм выкліча новы ўсплёск інтарэсу да гэтай постаці.
І самы важны момант. Сёння ў моладзі стаўленне да нацысцкай ідэалогіі зусім не такое востра негатыўнае, як у пару майго юнацтва. У нас была свайго кшталту калектыўная прышчэпка: фільмы, кнігі, адмысловыя ўрокі… Але ад пакалення да пакалення эмоцыі неяк затухаюць. І гэта, на мой погляд, вельмі небяспечна. Чалавек малады можа падхапіць такую заразу проста праз сваю наіўнасць, цягу да адрэналіну, памкненне кінуць выклік устаялым нормам... Пагатоў, самарэалізоўвацца ў негатыве, у руйнаванні куды прасцей, чым на стваральнай ніве. Каб такое здаралася як найрадзей, трэба ўвесь час нагадваць сабе і нашым дзецям, што ж такое нацызм насамрэч.
— Ці даведаемся мы з вашай стужкі нешта новае, эксклюзіўнае пра “Ідзі і глядзі”?
— Думаю, так. Але пакуль не буду раскрываць усе карты. Можаце лічыць гэта маёй забабонлівасцю або памкненнем захаваць інтрыгу… І дачакайцеся прэм’еры.
— А наколькі складана рэжысёру рабіць фільм пра фільм?
— Хачу, каб у нас усталявалася такая традыцыя: здымаць фільмы пра фільмы. Пагатоў, у заходнім кінематографе гэта даўно ўжо нешта звыклае і нават неабходнае, а некаторыя такія дакументальныя стужкі — скажам, пра здымкі “Апакаліпсіса сёння” Копалы — самі бралі прызы на прэстыжных фестывалях.
— Пра карнікаў напісана і знята ўжо вельмі шмат як мастацкіх, так і дакументальных твораў. Ці няма тут небяспекі цытавання адно аднаго?
— Галоўны прынцып нашай студыя “Канцэпт-С” — прыцягненне новых крыніц у адлюстраванні тых тэм, якія камусьці могуць падацца зацёртымі. Па сваёй першай прафесіі я крыніцазнаўца і дасюль шмат працую ў архівах — у тым ліку і з фота-, кіна— і аўдыядакументамі. Дарэчы, хацеў б падзякаваць Музею кіно і асабіста Алегу Аўдзееву і таксама Беларускаму дзяржаўнаму архіву кінафотафонадакументаў і асабіста Андрэю Ганчару за дапамогу ў нашай працы.
Навукоўцы ў асноўным надаюць увагу пісьмовым крыніцам, а ўсе астатнія застаюцца на перыферыі ўвагі. Пагатоў, візуальны матэрыял патрабуе ад даследчыка болей высілкаў і пільнасці: скажам, не так і лёгка адрозніць дакументальныя кадры ад пастановачнай фальсіфікацыі. Але я перакананы, што без выкарыстання гэтых крыніц адэкватная карціна гісторыі ХХ стагоддзя ў нашай свядомасці не складзецца.
Вось і ў новых фільмах будзе шмат невядомых раней фота. У акупантаў у кожнай роце былі дзясяткі фотаапаратаў і нават аматарскіх кінакамер. Немцы ў ахвоту здымалі ўсё, што яны бачаць і робяць. Скажам, можна сустрэць нямала партрэтаў на фоне павешаных. Ёсць знакамітая серыя фота, якая карпатліва дакументуе, як казак з ліку калабарантаў на скаку адсякае галаву палоннаму. Урэшце, напрыканцы 1941 года кіраўніцтва рэйха такія здымкі забараніла, але назапашана іх усё адно вельмі шмат. Такія фота дазваляюць нам адчуць атмасферу таго, што рабілася падчас акупацыі.
Яшчэ адна своеасаблівая разнавіднасць гістарычных дакументаў — тая нямецкая кінапрапаганда, што выпускалася адмыслова для акупаваных тэрыторый: вытворчасцю такой прадукцыі займаліся адразу некалькі студый, якія нават паміж сабою канкурыравалі. Учэпістае вока даследчыка адшукае ў гэтых кадрах багата істотных дэталяў.
— Адпаведна, вы лічыце, што тэма нацысцкіх злачынстваў дасюль поўнасцю не раскрытая?
— Што вы, я ніколі ў гэтым не сумняваўся! Але пошук ідзе несупынна, у грамадскі ўжытак уводзяцца ўсё новыя і новыя крыніцы, адкрываюцца не вядомыя раней факты. Скажам, днямі ў мяне запланаваная камандзіроўка ў Слуцк. Не так даўно мы звярнуліся да дакументаў, якія апавядаюць пра карную аперацыю, што прайшла там яшчэ ў 1941 годзе (гісторыкі добра ведаюць пра трагедыю 1943-га, але яна была не адзінай). Прычым, што вельмі важна, гэта справаздачы саміх немцаў. І ўявіце сабе: акупацыйнае камандаванне было абуранае бясчынствамі літоўскіх паліцаяў! Верагодней за ўсё, карнікі ставілі перад сабой мэту найперш рабаваць. Урываюцца ў хату, бачаць, што гаспадары заможныя — і адразу да сценкі… Акупанты са сваім культам “орднунга” ад такой сваволі трохі ачмурэлі.
Карціна зверстваў нацыстаў ды іх памагатых яшчэ далёка не поўная. Таму нам ні ў якім разе нельга спыняцца, задавальняцца тым аб’ёмам ведаў, які сёння дасяжны. У Расіі ёсць адмысловая служба, якая займаецца пошукам пахаванняў не вайскоўцаў, а менавіта ахвяр сярод мірнага насельніцтва. Каб натрапіць на гэтыя жудасныя адмеціны вайны, трэба валодаць спецыяльнай методыкай: яны ўжо фактычна сцёртыя з аблічча зямлі. Адзін з нашых фільмаў, сярод іншых гісторый, распавядзе і пра некалькі зусім нядаўніх адкрыццяў пашукавікоў-прафесіяналаў у Пскоўскай вобласці.
— Можа, пасля доўгіх месяцаў працы вы здолееце сфармуляваць адказ на тое пытанне, якое, пэўна, усіх найбольш хвалюе: як і чаму звычайны чалавек раптам пераўтвараецца ў істоту, горшую за звера?
— Ведаеце, я лічу, што дакументальнае кіно не павінна адказваць на пытанні — як і наогул мастацтва, па вялікім рахунку. Дый у сціслых часавых рамках фільма гэта і немагчыма. Наша задача — пытанні ставіць, прымушаць над імі задумацца, што не так і лёгка ў мітуслівай паўсядзённасці, у гэтай несупыннай барацьбе за выжыванне.
Што да вашага пытання… Працоўная назва фільма пра карнікаў (а магчыма, нават канчатковы варыянт) — “Цемры аддаўшыся”. У чым сутнасць? Падчас праваслаўнага Таінства хросту той, хто яго прымае, публічна выракаецца сатаны. У свядомым веку сам, а калі хрысціцца немаўля, гэта робяць яго хросныя бацькі, абавязаныя выхоўваць дзіця так, каб яно захоўвала вернасць клятве. Большасць тых, хто займаўся экзекуцыямі, таксама былі ахрышчаныя ў той ці іншай канфесіі. Але сваімі зверствамі яны адракліся ўжо ад Бога. Парушылі клятву і абралі цёмны бок. Яны злачынцы не толькі ў чалавечым плане, але таксама і перад абліччам Творцы. Трэба заўсёды ўсведамляць той універсалізм маральнага выбару, які так востра адлюстраваны ў творах Адамовіча і Быкава.
Гэтая тэма для мяне вельмі важная, бо сёння цалкам відавочна: многія людзі забылі пра маральны закон, пра тое, што яны хрысціяне. Як можна апраўдваць тое зло, якое чынілася ў масавых маштабах? А такое апраўданне адбываецца, скажам, у краінах Балтыі.
Маю яшчэ адзін аргумент на карысць таго, што такая размова з гледачом неабходная. У фільме мы распавядзем пра некалькі вельмі прыкрых выпадкаў, калі ў пагоні за прыбыткам людзі губляюць самае святое. І на месцы, дзе нацысты праводзілі масавыя расстрэлы, будуюцца прадпрыемствы альбо нават забаўляльныя аб’екты. Гэтага ні зразумець, ні апраўдаць немагчыма. Скажам, у Ленінградскай вобласці летась пашукавікі знайшлі воінскае пахаванне. А ўласнікі гэтай тэрыторыі спрабавалі яго знішчыць, каб працэс мемарыялізацыі не нашкодзіў іх планам на будаўніцтва! На шчасце, грамадская ўвага не дапусціла гэтага варварства.
Сур’ёзныя дакументальныя фільмы на буйныя расійскія тэлеканалы амаль не дапускаюць. Аднак мы ўсё адно шукаем і знаходзім нейкія магчымасці прабіцца да гледача.
— Скажыце шчыра: а ці можа быць нейкая сфера існавання для дакументальнага кіно, апрача профільных фестываляў?
— Можа. Перш-наперш — сістэма адукацыі. Тут я папраўдзе ведаю, пра што кажу. Некалі, яшчэ ў 90-я, у мяне з’явілася ідэя зняць кіно пра школу. Каб належна занурыцца ў тэму, я з год папрацаваў настаўнікам гісторыі старэйшых класаў. І зразумеў, што касета з дакументальным фільмам — найлепшы метадычны матэрыял. Спярша прагляд, потым абмеркаванне — і вучні ўжо зусім іначай успрымаюць выкладзеныя ў падручніку факты.
— Арганізаваныя прагляды таго ж “Ідзі і глядзі”, на якіх ля кінатэатраў дзяжурылі хуткія, у свой час выклікалі крытыку. Ці трэба гэтак шакаваць юнага гледача?
— Мастацтва — гэта заўсёды шок, а не пяшчотнае пагладжванне па галоўцы. Тым болей калі гэтае мастацтва — праўдзівае. А вось паўпраўда… Лічу, яна прыпадобніць нас да тых, хто займаўся маніпуляцыямі масавай свядомасцю. Таму трэба быць цалкам шчырымі перад самімі сабою і тымі, да каго мы звяртаемся.
Іншая справа, што ўспрымаць такое кіно таксама трэба вучыць — як і добрыя кнігі чытаць. Раней, стагоддзі ў ХІХ, удумліваму чытанню вучыла бабуля або нянька (згадайма хаця б Арыну Радзівонаўну!), але цяпер гэтага ўжо няма. Таму наша задача — знайсці новыя спосабы ўключэння маладога пакалення ў культурную традыцыю.
— А як вы сёння гэта ўяўляеце?
— Варыянтаў можа быць шмат. Прыгадваецца, скажам, цудоўны прыклад Уладзіміра Мулявіна. Уральскі хлопец прышчапіўся да беларускага фальклору і даў старадаўнім традыцыям другое дыханне. Мноства сучаснікаў усвядомілі сваю нацыянальную ідэнтычнасць менавіта з яго дапамогай.
— Як бачу, у нашай культуры вы абазнаны няблага, хаця каранёў беларускіх не маеце. Адкуль такі інтарэс?
— Маім даследчыцкім інтарэсам здавён былі культурныя сувязі: руска-англійскія, руска-нямецкія, руска-французскія… І руска-беларускія, вядома, таксама. Ніводная культура не можа быць ізаляванай. А для ўзаемаўзбагачэння вельмі важна разумець, чым дыхае твой сусед, што ён цяпер адчувае. Вось я і стараюся заставацца цікаўным.