Самы лясны куток Магілёўшчыны. Партызанскі край. Менавіта так называлі і называюць нашу зямлю. Гісторыя Клічаўскай партызанскай зоны — адна з самых цікавых і гераічных падзей нашай гісторыі. Усакінскія лясы ў гады Вялікай Айчыннай вайны сталі цэнтрам партызанскага руху ўсёй Магілёўскай вобласці, а Клічаўшчына — краем партызанскага супраціву. “Усакіна”, як і два наступныя помнікі, знаходзіцца пад пільнай увагай нашага музея. Мы ладзім там экскурсіі, сочым за станам мемарыялаў.
УСЕ, ХТО МОГ ТРЫМАЦЬ ЗБРОЮ
Вестка пра існаванне савецкага раёна ў тыле ворага панеслася ад вёскі да вёскі. Як да запаветнай зямлі, пацягнуліся сюды людзі з суседніх раёнаў і абласцей, ратуючыся ад шыбеніц і расстрэлаў. Ішлі ў адзіночку і сем’ямі. Тых, хто мог трымаць зброю, накіроўвалі ў партызанскія атрады, старых, жанчын і дзяцей размяшчалі па вёсках, а пасля, калі пачалася летняя блакада, — па лясных сямейных лагерах. Надзейным сховішчам для мясцовых партызанаў стаў Усакінскі лес. Тут размяшчаліся партызанскія базы штабы, шпіталі, пасадачныя палосы для самалётаў.
МЫ ПАМЯТАЕМ
У Клічаве ўзнавілі партызанскі аэрадром, які першы на акупаванай тэрыторыі Беларусі стаў прымаць самалёты з Вялікай зямлі. Зразумела, што дзейнасць партызанаў стварала істотную пагрозу для фашысцкіх частак тылу.
Наш актыўны супраціў пацягнуў за сабой маштабныя карныя аперацыі праціўніка. У спалучэнні з усеагульнай палітыкай генацыду і спаленай зямлі гэта прывяло да вялікіх страт сярод мірнага насельніцтва і практычнага знішчэння інфраструктурнага раёна. Населеныя пункты проста змяталіся з твару зямлі, часта — разам з жыхарамі.
Мы памятаем пра гэта і разумеем усю важнасць захавання гістарычнай праўды. На тэрыторыі раёна знаходзяцца больш за 80 помнікаў, якія распавядаюць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Самы маштабным з’яўляецца мемарыяльны комплекс партызанскай славы “Усакіна”.
ЛЯ АДНАЙМЕННАЙ ВЁСКІ
Комплекс вырас ля вёскі Усакіна. Ён ствараўся метадам народнай будоўлі і ўрачыста адкрыўся 9 мая 1985 года. Гэта чатыры аб’екты, тры з якіх раскрываюць тэму нашага партызанскага руху, а адзін распавядае пра генацыд беларускага народа.
Комплекс уключае помнік у гонар знаходжання тут Падпольнага абкама ў 1943—1944 гадах.
На партызанскіх кладах — 18 брацкіх могілак, дзе пахаваны астанкі больш за 400 народных мсціўцаў, што загінулі ў баях за Радзіму.
У партызанскім лагеры ўзноўлены жылыя і штабныя зямлянкі, медсанчастка, друкарня, кухня і гаспадарчы блок.
АБНАЎЛЕННЕ
За гады існавання комплекс наведалі многія тысячы турыстаў з усіх рэспублік былога Саюза. Не дзіва, бо прадстаўнікі многіх нацыянальнасцей пахаваны на партызанскіх могілках.
Сёння турыстычны паток стаў больш сціплым. Але ўсё роўна турыстычныя аўтобусы рэгулярна спыняюцца ва Усакіне. У 2020 годзе ў размове са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам наша грамадскасць узняла пытанне пра абнаўленне аб’ектаў мемарыялу. Цягам года былі вырашаны ўсе пытанні: вызначаны крыніцы фінансавання, праведзены праектныя і будаўнічыя работы.
Урачыстае адкрыццё абноўленага комплексу адбылося 5 жніўня 2021 года і стала для нас сапраўдным святам.
Наталля ХРАМЯНКОВА, дырэктар Клічаўскага краязнаўчага музея
Фота з музейнага архіва
Лічбы і факты
Клічаўскі раён быў акупаваны 5 ліпеня 1941 года. 14 ліпеня быў сфармаваны першы партызанскі атрад.
20 сакавіка 1942 г. мсціўцы зруйнавалі апошні на тэрыторыі раёна нямецка-паліцэйскі гарнізон. Раён цалкам перайшоў у рукі партызанаў.
3 красавіка 1942 года на Клічаўшчыне ўзнавілі савецкую ўладу. Зноў запрацавалі райкам партыі, райвыканкам, усе сельсаветы. Так пачала фармавацца партызанская зона.
У зоне знаходзілася 70 тысяч чалавек. Да вайны ў раёне пражывала крыху больш за 46 тысяч.
У складзе партызанскіх фармаванняў змагаліся прадстаўнікі 67 нацыянальнасцей.