Яго радзіма — Мядзельшчына. Ягоны голас у мастацтве нагадвае пра важнае і дарагое ў жыцці. І што б ён ні рабіў — ілюстрацыі да твораў беларускай ды сусветнай класікі, станковыя эстампы і акварэлі, малюнкі, жывапісныя палотны — усё адтуль, з памяці дзяцінства і юнацтва, з памяці пра тату-каваля і маці, якая паўплывала на яго ў сэнсе любові да рысавання. За плячыма — больш за паўстагоддзя “працы і натхнення”. У багажы — калейдаскоп вобразаў, тэхнік і матэрыялаў, тэм, прысвечаных Бацькаўшчыне, вайне і міру, эпохам праз чалавечыя абліччы, людзям і прыродзе Беларусі. А яшчэ ён “рэжысёр” і сапраўдны суаўтар кніг Купалы і Міцкевіча, Коласа і Гарэцкага, Багдановіча, Бядулі і Барадуліна, Караткевіча і Навуменкі, Маякоўскага і А.Талстога… Словам, усё жыццё прайшло ў інтэлектуальнай прасторы культуры. А прастора даволі шырокая: вучоба ў Мінскім мастацкім вучылішчы і Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе ў 28-гадовага Шаранговіча пачалася яркая педагагічная дзейнасць. Ад выкладчыка і загадчыка кафедры графікі — да прафесара, прарэктара і рэктара інстытута — пасля Акадэміі мастацтваў. Апошняе месца працы — дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, які, дарэчы, з’явіўся ў Мінску дзякуючы і асабістым намаганням Васіля Пятровіча. Цяпер гэта Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
Але як бы паспяхова ні складвалася педагагічная і грамадская біяграфія Шаранговіча, творчасць займала галоўнае месца ў яго жыцці. Для мяне ён заўсёды быў прафесіяналам высокага палёту са сваімі мастакоўскімі і грамадзянскімі поглядамі на свет, у якім ён жыў і ў якім жылі яго продкі. Нават у ілюстрацыях да кніг, дзе, здавалася б, цяжка выявіць сябе, Шаранговіч стварае асабісты свет, але — непарыўна звязаны з задумамі і ідэяй пісьменніка. Такім чынам ён трапляў у “дзясятку”, калі ілюстраваў практычна ўсю паэзію Купалы, “Новую зямлю” Коласа ці “Пана Тадэвуша” Міцкевіча. На мой погляд, акварэлі да “Пана Тадэвуша” — гэта лепшая ў Еўропе выяўленчая эстэтыка кніжнага афармлення паэмы. Упэўнены, работа мастака застанецца прыкладам таго, як трэба ілюстраваць кнігі. Па эмацыйнай выразнасці, па гармоніі элементаў афармлення, па глыбіні і экспрэсіі вобразаў, па малюнку, па стварэнні атмасферы тэксту, мне здаецца, няма яму роўных. Таму што ў кнізе “Пан Тадэвуш” Васіль Пятровіч стварыў такую мастацкую форму, якая стала сапраўдным, так скажу, манументальным помнікам кніжна-выяўленчай культуры.
Акрамя таго, успомнім, што ў яго актыве і цудоўныя станковыя творы, сярод якіх моцная серыя каляровых літаграфій “Памяці вогненных вёсак” (Дзяржаўная прэмія Беларусі), “Блакада. 1943 год”, трыпціх “Дзе крыўда адвечная спела”, аркушы “Гражына”, “Ганчар”, “А хто там ідзе?”, партрэты Янкі Купалы і Францыска Скарыны, акварэлі і жывапіс, прысвечаныя малой радзіме мастака — Нарачанскай зямлі. У яго творчасці жыла неверагодная магія штыхеля і пэндзля, якая зачароўвала сваёй унутранай энергетыкай, якая адкрывала для нас акенца ў іншыя сусветы і туды нас зацягвала, з кожным паваротам — усё больш...
Не буду пералічваць усе значныя творы Майстра, яны вядомы тым, хто цікавіцца нацыянальнай духоўнай культурай. Шмат гэтых шэдэўраў сёння навечна “прапісаны” ў лепшых музеях краіны, а таксама ў яго імянной Мастацкай галерэі ў пасёлку Нарач Мядзельскага раёна. 11 кастрычніка 2018 года на адкрыцці гэтай сваёй галерэі Васіль Пятровіч так сказаў: “Я ўсё жыццё служыў народу... Гэта той жа народ, сярод якога я жыў, змагаўся, працаваў і якому пастараўся аддаць належнае...” І, сапраўды, ён аддаў беларускаму народу ўвесь свой талент, усе свае сілы і ўсю сваю любоў дашчэнту... Гэта было жыццё са сваім колерам, святлом, водарам, позіркам, дзе мастацтва — форма і сэнс ягонага існавання. А цяпер — нібыта адабрана, ампутавана ў нас тое, што нельга ні аднавіць, ні атрымаць, ні пазычыць.
Так, Васіль быў чалавекам крыштальна чыстай душы, сардэчным, шчырым, адкрытым і справядлівым, з якім мне пашчасціла сустракацца па жыцці на працягу апошніх пяці з нечым дзясяткаў гадоў. Аб нашых доўгіх і кароткіх сустрэчах засталіся толькі добрыя ўспаміны. Хаця ўсе мы, па вялікім рахунку, яшчэ цалкам не ў стане асэнсаваць, што нёс нам сваім жыццём і што падарыў нам шаноўны Мастак... Гэта ўсё нас чакае наперадзе...
Светлая яму памяць!
Барыс КРЭПАК, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі