Як звычайна, самая вялікая ўвага публікі і прэсы будзе прыкутая да Асноўнага конкурсу ігравога кіно, дзе лаўрэаты і пераможцы выбіраюцца сярод мастацкіх поўнаметражных фільмаў. Беларуская кінематаграфія тут, на жаль, не прадстаўлена. Таму, гаворачы пра беларускія фільмы-канкурсанты, можна адразу пераходзіць да Асноўнага конкурсу дакументальнага кіно.
“Страла” (2021), рэжысёр Галіна Адамовіч
Рэжысёр Галіна Адамовіч — адзін з самых паважаных і найбольш ушанаваных на міжнародных кінафестывалях беларускіх творцаў. На студыі дакументальнага кіно “Летапіс” кінастудыі “Беларусьфільм” яна зняла ўжо каля трох дзясяткаў стужак. Людзі з іх адметнымі, няпростымі, падчас трагічнымі, падчас дзіўнымі і шчаслівымі лёсамі — у цэнтры ўвагі фільмаў Галіны Адамовіч. Можна згадаць хаця б работы не такіх даўніх гадоў — “Вядо” (2019) — пра сям’ю, што пераехала ў беларускую глыбінку і там адбудавала жыццё, “Харошых дзяўчынак не б’юць” (2019) — пра жанчын, пацярпелых ад хатняга насілля, “Інакіня” (2010) — пра кампазітара і маці траіх дзяцей, што стала манахіняй, “Божа мой” (2004) — пра жанчыну-скульптара, якая робіць статуі Хрыста з цэменту, “Музыка ваенная” (2013) — пра знакамітага мінскага барда, які пераехаў жыць за акіян, але душою застаўся ў Беларусі…
Самы новы фільм “Страла”, што ўдзельнічае ў конкурсе 27-га кінафестывалю “Лістапад”, — таксама ў першую чаргу пра людзей. Гэтае 52-хвіліннае знаёмства з гераінямі з вёскі Стаўбун Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці нікога не пакіне абыякавым. Назву фільму даў старажытны абрад “Пахаванне стралы”, якім вёска Стаўбун і адметная — ён мала дзе захаваўся. І ўсё ж кіно не пра абрад і яго ўнікальнасць, а пра ўнікальнасць гэтых беларускіх жанчын, якія, паводле слоў рэжысёра, як тыя карыятыды — трымаюць свет. Жанчыны паважнага веку, жанчыны з няпростымі лёсамі, жанчыны, якія штогод на саракавы дзень пасля Вялікадня ідуць у поле “хаваць стралу”, каб адвесці ад роднай зямлі ўсе беды, жанчыны са сваімі сямейнымі гісторыямі і гісторыямі кахання… І жанчыны, якія, апроч усяго, выдатна спяваюць: дакументальны фільм “Страла” напоўнены песнямі і чыстымі галасамі. І напоўнены драмай, спачуваннем, трагізмам, захапленнем, гумарам — жыццём. Многія пазнаюць у гэтых стаўбунскіх бабульках і сваіх вясковых бабуль і прабабуль, якія, жывучы ў нялёгкім часе, усё трывалі, а яшчэ спявалі і кахалі.
Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” сёлета адметны значнай прысутнасцю анімацыйных стужак. Як кажа праграмны дырэктар “Лістападзіка” кіназнаўца Антаніна Карпілава, такая цяпер сусветная тэндэнцыя — кінасвет усё больш пачынае цаніць кіно для сямейнага прагляду, і анімацыя, у тым ліку поўнаметражныя анімацыйныя фільмы, набывае ўсё большую папулярнасць. У праграме сёлетняга “Лістападзіка” ажно тры беларускія анімацыйныя стужкі. Першая — “Зоркі сёмага неба” рэжысёра Алены Туравай — па-за конкурсам: яна адкрые фестываль-конкурс дзіцячага кіно 20 лістапада ў кінатэатры “Піянер”. Нагадаю, гэта першы беларускі поўнаметражны анімацыйны мюзікл, прэм’ера якога адбылася 1 чэрвеня гэтага года і які ўжо пабываў у кінапракаце. А дзве конкурсныя работы, пра якія далей пойдзе гаворка, сваёй прэм’еры якраз у рамках кінафестывалю “Лістапад” яшчэ чакаюць. Абедзьве — работы заслужаных, знакамітых і нават славутых беларускіх рэжысёраў. У год, калі беларуская анімацыя адзначае паўвекавы юбілей, нагода згадаць пра такіх аўтараў вельмі дарэчная.
“Я тайну ў глыбіні душы хаваю…” (2021), рэжысёр Алена Пяткевіч
Марк Шагал, Францыск Скарына, Іаган Себасцьян Бах, Людвіг ван Бетховен — паэтычныя і яскравыя анімацыйныя стужкі пра гэтых выдатных творцаў у апошнія гады праславілі імя рэжысёра Алены Пяткевіч далёка за межамі Беларусі. Сярод узнагарод маецца і галоўная расійская кінематаграфічная прэмія “Залаты арол”.
Герой самай новай работы рэжысёра “Я тайну ў глыбіні душы хаваю…” — Максім Багдановіч. Пра што, відавочна, можна здагадацца і па паэтычным радку, вынесеным у назву. Рэжысёр і ў жыцці, і на экране прызнаецца ў шчырай любові да Максіма Багдановіча і яго паэзіі. 14-хвілінная стужка дзіўным чынам здолела расказаць усю біяграфію паэта, але таксама мовай паэзіі — паэтычнай мовай мастацтва анімацыі. Нягледзячы на ўмоўнасць і асаблівую мастацкую форму, стваральнікі фільма імкнуліся да дакладнасці вобразаў герояў — самога паэта, яго бацькоў, знаёмых, каханых, а яшчэ мясцін, дзе жыў і дзе бываў Максім Багдановіч. У фільме гучыць многа вершаў, у ім многа любві, а паводле слоў рэжысёра Алены Пяткевіч — найперш любві да Радзімы. Сюжэтна дзеянне фільма пачынаецца з ад’езду Максіма Багдановіча з Мінска ў Ялту, што стала для яго апошняй вандроўкай. І па шляху паэт быццам пражывае сваё жыццё ад самага пачатку, згадвае самыя яскравыя яго моманты.
“Прэлюдыя і фуга” (2021), рэжысёр Ігар Воўчак
Рэжысёр Ігар Воўчак — адзін з найвядомейшых рэжысёраў у беларускім анімацыйным кіно: на кінастудыі “Беларусьфільм” ён працуе 53 гады! У Ігара Віктаравіча безліч работ і мноства прызоў на фестывалях. У кіно ён адзначыўся і як кампазітар, напісаўшы музыку да вялікай колькасці анімацыйных і дакументальных стужак, — бо калісьці скончыў і кансерваторыю. Нямала яго фільмаў мелі музычныя назвы — “Капрычыа”, “Канчэрта гроса”, “Скерца”, “Ронда-капрычыёза”… Падобная традыцыя прадоўжылася і ў новай работе.
У фільме “Прэлюдыя і фуга” Ігар Воўчак выступіў і як рэжысёр, і як аўтар сцэнарыя, і як піяніст — сам выканаў Прэлюдыю і фугу до мажор Іагана Себасцьяна Баха. Стужка — своеасаблівае аўтарскае эсэ, напоўненае ўспамінамі: пра дзяцінства ў Ташкенце, дзе будучы рэжысёр рос да сямі гадоў, пра Мінск, куды сям’я пераехала і для якога бацька Ігара Воўчака, заслужаны архітэктар БССР, спраектаваў нямала знакамітых будынкаў, пра людзей, што жылі ў Савецкім Саюзе. “У любыя часы ў дзяцей бываюць моманты шчасця і радасці, і фільм менавіта пра гэта. Каб людзі прызадумаліся, што, можа, у нашым мінулым не ўсё толькі дрэннае, што нешта варта было б і пакінуць, каб з вадою не выплюхнуць і дзіцёнка”, — гаворыць Ігар Воўчак.
Конкурс маладзёжнага кіно “Кіно маладых” робіць стаўку на эксперымент, на наватарства, на творчыя пошукі. У праграме нямала кароткаметражных і нават студэнцкіх фільмаў. Беларусь у конкурсе прадстаўляе работа таксама студэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
“Дарога” (2020), рэжысёр Кірыл Халецкі
Кароткаметражны 8-хвілінны фільм “Дарога” сёлета стаў абсалютным пераможцам на мінскім фестывалі студэнцкага кароткаметражнага кіно Synopsis, атрымаў спецыяльны прыз на 40 Міжнародным кінафестывалі Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі: наогул атрымаў каля 15 узнагарод на міжнародных кінаконкурсах.
Гэта стыльная чорна-белая гісторыя без адзінага слова: пра пустынную дарогу ў чыстым полі, пешаходны пераход са святлафорам і герояў, што робяць выбар — ісці, чакаць, стукнуць па святлафоры ці нешта іншае. Сюжэт хоць і лаканічны, але дазваляючы адшукаць у ім многа сэнсаў. Магчыма, і “Дарогу” можна назваць філасофскай прытчай — а так Кірыл Халецкі апісвае сваю будучую работу, на якую зараз збірае сродкі шляхам краўдфандынгу — 15-хвілінны фільм “Аднойчы была Зямля”: з ім ён у наступным годзе “збіраецца пакарыць адзін ВЕЛЬМІ буйны сусветны фестываль”. Зараз у маладога рэжысёра ёсць шанс пакарыць “Лістапад”.