Сёлетні 25-ы, юбілейны фестываль пройдзе з 2 па 9 лістапада. І можна не сумнявацца, што яго праграма, над фарміраваннем якой акурат цяпер працуюць праграмныя дырэктары, складзецца з выбітных і актуальных стужак кінематаграфіі былога сацыялістычнага блоку. Нагадаем, што менавіта падобнага канцэптуальнага фармату прытрымліваецца мінскі форум.
Фестываль па-ранейшаму мае акрэдытацыю ў прэстыжнай Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAP), супрацоўнічае з Міжнароднай федэрацыяй кінакрытыкаў FIPRESCI, а сёлета ў прасоўванні сваіх пазіцый зрабіў яшчэ адзін значны крок. Разам з трыццаццю іншымі кінафорумамі “Лістапад” увайшоў у альянс па садзейнічанню абмену ў сферы кіно “Адзін пояс — адзін шлях”. Мемарандум аб супрацоўніцтве быў падпісаны ў чэрвені на XXI Шанхайскім міжнародным кінафестывалі праграмным дырэктарам мінскага кінафоруму Ігарам Сукманавым.
— Мемарандум дае нам магчымасць напрамую грукаць у дзверы, пашыраць кантакты і наладжваць больш інтэнсіўнае і “наварыстае” супрацоўніцтва, — патлумачыў Ігар Сукманаў значэнне дакумента. — Нейкія намёткі, хоць яны і носяць працоўны характар, ужо ёсць — мы навялі масты з Новай Зеландыяй і Кітаем, ёсць перспектыва арганізаваць сумесныя спецыяльныя праграмы.
Гэтаксама пагадненне мае вялікі патэнцыял уплыву і на беларускую індустрыю ў цэлым, бо прадугледжвае прамоцыю нацыянальнага кіно ў краінах альянсу.