“Будзе культурна- турыстычны цэнтр”
Каля ўвахода на будоўлю сустракаемся з прарабам Міхаілам Дылько, які тлумачыць нам, што да лістапада трэба скончыць агульнабудаўнічыя працы, каб адкрыць для наведвальнікаў некалькі залаў унутры палаца. Пакуль жа ён абнесены сеткай, і паглядзець на яго можна толькі звонку.
Каля агароджы акурат спыняецца пара турыстаў, пытаюцца, ці можна зайсці.
— У лістападзе ўжо будзе можна некалькі залаў паглядзець, — адказвае ім прараб.
— А калі ўвогуле ўсё адкрыюць, і што тут потым будзе? — цікавяцца падарожнікі.
— Калі — дакладна сказаць складана. А будзе культурна-турыстычны цэнтр: кафэ, гасцініца, музей.
— І такія пытанні кожны дзень, — гэта Міхаіл Дылько тлумачыць ужо нам. Але мы і самі бачым два турыстычныя аўтобусы, што спыняюцца ля дома Касцюшкі. За год яго наведвае каля 20 тысяч чалавек. Супрацоўнікі музея адзначаюць, што амаль усе яны потым ідуць да палаца, каб убачыць яго хаця б звонку.
“Хацелі зрабіць міжгаспадарчы прафілакторый”
Вялікая цікавасць падарожнікаў да архітэктурнага помніка і паспрыяла ўзнаўленню палаца Пуслоўскіх. Упершыню спроба распачаць яго рэканструкцыю была зроблена яшчэ ў 1989 годзе. Тады заказчыкам выступіў мясцовы саўгас “Савецкая Беларусь” у вёсцы Мілейкі.
— Любое архітэктурнае збудаванне патрабуе не толькі рэканструкцыі, але і прыстасавання. Тады старшыня саўгаса хацеў зрабіць тут міжгаспадарчы прафілакторый, — узгадвае аўтар і навуковы кіраўнік архітэктурнага праекта Уладзімір Казакоў, які прыехаў у Косава з Брэста сачыць за ходам работ. — Але ў 1989 годзе разам з камісіяй Міністэрства культуры па ахове гісторыка-культурных помнікаў мы прыйшлі да высновы, што элементы музеефікацыі ўсё ж такі павінны тут быць, перамовы з саўгасам пра рэканструцыю спыніліся на нейкі час. Пасля распаду Саюза былі яшчэ спробы прыцягнуць сюды інвестараў, але няўдалыя. Тады аблвыканкам прыняў мудрае і гераічнае рашэнне ўзяць гэта ўсё на сябе. Але пачалі мы з дома Касцюшкі. На яго месцы стаяў камень, абнесены цэпам. Польскае пасольства падзялілася з намі чарцяжамі з архіваў. Вялікую падтрымку аказаў фонд Тадэвуша Касцюшкі, які тады ўтварыўся (ініцыятарам справы быў Леанід Несцярчук).
Урачыстае адкрыццё ўзноўленага дома Тадэвуша Касцюшкі адбылося ў 2004 годзе. У Косава сталі прыязджаць турысты, паступова ўсё больш людзей звяртала ўвагу на стан палаца.
— За лесам вакол замка яго самога не было бачна, таму з дазволу мясцовых уладаў мы вырубілі некаторыя дрэвы, каб з дарогі будынак стаў заўважны, — расказвае Уладзімір Казакоў. — Чалавек выйшаў з музея, а праз дарогу ўбачыў палац. Што там? Руіны. На гэтай хвалі ўвагі нам удалося атрымаць фінансаванне аблвыканкама на праект рэканструкцыі, якая пачалася ў 2008 годзе і цягнецца амаль дзесяць гадоў.
“Правы флігель — кавярня, левы — гасцініца”
Матэрыялаў, з якіх можна даведацца пра выгляд фасада рэзідэнцыі Пуслоўскіх і інтэр’ераў палаца да пажару, захавалася вельмі мала — усяго некалькі фотаздымкаў і тэкставых апісанняў.
— Узнаўлялі па аналагах, таксама пабудаваных у той час у стылі неаготыкі, — кажа архітэктар, пакуль мы ідзем да ганка. — Напрыклад, па апісаннях там, дзе мы цяпер знаходзімся, былі скульптуры і фантаны. Скульптуры мы бачылі на фота і нават знайшлі месца, дзе яны стаялі. А вось фантан доўга не маглі адшукаць, зразалі грунт. Неяк я падняўся на вежу і адтуль раптам убачыў выразны эліпс фантана. Мы таксама перанеслі яго ў праект, але да тэрыторыі каля палаца прыступім потым.
Пакуль жа трэба давесці да ладу будынак, што мусіць стаць грамадскім культурна-турыстычным цэнтрам — месцам для сустрэч і фестываляў з гасцініцай, з рэстаранам і музейнымі памяшканнямі.
Праз цэнтральны ўваход трапляем у невялікую гасцёўню. Дзверы справа вядуць у Белую залу — так называлі гэта памяшканне ўладальнікі палаца, якія таксама праводзілі тут афіцыйныя сустрэчы. Пакуль гэта пакой з голымі сценамі, дзе ўсталяваны планшэты з фотаздымкамі, на якіх можна ўбачыць, якім палац быў і якім будзе пасля рэканструкцыі.
— Звярніце ўвагу на фрэскі на старым фотаздымку Белай залы — іх узнавім, — кажа Уладзімір Нахімавіч. — Паставім і камін. Фурнітуру на вокнах таксама ўзнаўлялі па апісаннях.
У суседнім пакоі ўстаўляюць апошняе акно. Мяркуецца, што з лістапада менавіта ў памяшканні першага паверха змогуць зайсці турысты.
У правым флігелі, які пакуль зачынены, размесціцца кавярня. Левы перабудоўваюць пад гасцініцу. Уваход туды знаходзіцца з адваротнага ад дарогі боку, хаця першапачаткова гэта і былі цэнтральныя дзверы ў палац.
— Калі праводзілі раскоп у гэтай частцы будынку, выявілі цагляную лесвічку — аказваецца, тут была печ. Вырашылі захаваць яе рэшткі, — паказвае Уладзімір Казакоў. — Накрыем гэтую прастору шклом — будзе фрагмент музейнай экспазіцыі побач з жылымі памяшканнямі.
На першым паверсе рыхтуюцца невялікія нумары для гасцей і для персанала, на другім — рэсэпшн і яшчэ некалькі пакояў. Самы вялікі складаецца з трох частак — амаль кватэра. З вакна будучага віп-нумара відаць дом Касцюшкі, вадасховішча і яшчэ адну экскурсійную групу, што разглядае палац з-за агароджы.
Па другім паверсе пераходзім у цэнтральную частку палаца. Тут магчымасцей ацаніць шыкоўны краявід яшчэ больш — шкляныя дзверы-вокны выходзяць на балкон. Пакуль ён прыкрыты фанерай, але хутка тут з’явіцца агароджа з чыгунным ліццём. На ўзроўні другога паверха знаходзіцца і Чырвоная зала. Калісьці тут праводзілі балы, а неўзабаве таксама будуць адбывацца святочныя мерапрыемствы.
— Усе магнаты насычалі інтэр’ер карцінамі і габеленамі, — кажа Уладзімір Нахімавіч. — Мы зробім гэтак сама. На жаль, дакладных звестак пра замак захавалася мала, пра гэтую частку ўвогуле ніякіх.
Затое захавалася шмат легендаў. Архітэктар ставіцца да іх з гумарам.
— Пішуць, што тут леў хадзіў. Ну дзе ён мог тут хадзіць? — смяецца суразмоўца. — Каб рыбкі ў падлозе плавалі, таксама патрэбна сур’ёзная тэхнічная падрыхтоўка. Дванаццаць веж замка быццам сімвалізуюць кожны з месяцаў? Палічыце — іх толькі восем. Але прыгожыя гісторыі павінны быць у любога будынка, бо гэта значыць, што ён напоўнены жыццём. Упэўнены, як толькі сюды пачнуць заходзіць экскурсійныя групы, хутка з’явяцца новыя легенды.
“У 1989 годзе тут былі толькі сцены без даху”
Калі некалькі залаў адкрыюць для наведвання, там размесціцца экспазіцыя, што знаёміць з жыццём замка, Косава, усяго раёна. Рабочыя працягнуць працу ў іншых памяшканнях.
— Палац унікальны па сваёй архітэктуры! У Беларусі захаваліся іншыя неагатычныя будынкі XIX стагоддзя, але другога настолькі маштабнага няма — гэта адна з найпрыгажэйшых рэзідэнцый у краіне. Яе ўсе павінны ўбачыць, — перакананы навуковы кіраўнік.
Натуральна, тэрміны канчатковага завяршэння будоўлі залежаць ад фінансавання з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Па словах Уладзіміра Казакова, самы аптымістычны прагноз — гэта яшчэ пяць гадоў.
— Можна па-рознаму глядзець на цяперашні стан палаца, — разважае архітэктар. — Хтосьці скажа, што нічога асаблівага не зроблена — на першы погляд, цэгла ды цэмент. Але ўявіце, што ў 1989 годзе тут былі толькі сцены без даху, усё завалена смеццем да ўзроўню першага паверха, а ўнутры руінаў раслі дрэвы. У 1990-м годзе будаўнічы атрад педінстытута два месяцы тут выграбаў завалы, якія потым перапрацоўвалі яшчэ і археолагі. Параўнайце з тым, што бачыце. Ведаеце, які б я помнік тут паставіў, калі палац адкрыецца? Вось такі! — паказвае ў бок тачкі з цэментам Уладзімір Нахімавіч. — 90 працэнтаў таго, што тут зроблена — ручная праца! І яна яшчэ не завершана.
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА