Настаўнікі і навучэнцы згаданай школы наладзілі перасоўную выставу дзіцячай творчасці. Кожная з дзвюх экспазіцый (па 24 работы) размешчана ў салонах двух рэйсавых аўтобусаў, што курсіруюць па Крычаве. Паўсотні юных мастакоў мовай фарбаў і пачуццяў распавялі пра цяжар Вялікай Айчыннай вайны, подзвіг вызваліцеляў і светлы Дзень Перамогі.
Мэта перасоўных выстаў у тым, каб распачаць дыялог з жыхарамі горада і раёна, выклікаць у іх суперажыванне, гонар, патрыятызм. Дырэктар Крычаўскай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Міхаіл Гарбуноў перакананы: “Памяць пра вайну не павінна знікнуць. Таму наш мастацкі расповед пра вялікае свята і подзвіг нашага народа звернуты да кожнага. І мы павінны цаніць, што жывем пад мірным небам”.
Выстава на колах ужо выклікала станоўчыя водгукі. І не толькі ў пасажыраў. Справа вось у чым: малюнкі размешчаны так, што іх можна бачыць і ў салоне транспарту, і звонку аўтобуса, і таму яны навідавоку ва ўсяго горада.
Да слова, гэта не першая перасоўная выстава школы. Ладзілі яе ў рэйсавых аўтобусах і ў леташнім маі. Дзіцячыя работы адбіраліся па выніках раённага конкурсу плакатаў “Няхай заўжды будзе мір!” А напярэдадні мінулагодняга Міжнароднага дня абароны дзяцей стартавала акцыя “Чароўная вясёлка на аўтобусным акне”. У школе дзякуюць крычаўскаму філіялу аўтобуснага парка № 3 за тое, што заўжды падтрымлівае ініцыятывы ўстановы.
Ганна САКОВІЧ, настаўнік Дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Крычава