Акрамя ўдзелу ў святочных падзеях, спадар Будрайціс стаў членам журы “Лістапада-2013”, а таксама прэзентуе 2 кастрычніка сваю персанальную фотавыстаўку ў кінатэатры “Цэнтральны”.
Яшчэ да прыезду ў Мінск мы даслалі Юозасу Будрайцісу некалькі пытанняў, датычных як высокай узнагароды беларускага форуму, так і акцёрскай прафесіі. Але, на жаль, з-за шчыльнай занятасці адказаць на іх ён проста не паспяваў:
— Вялікі дзякуй за ўвагу! Аднак на грунтоўнае інтэрв’ю цяпер проста не маю часу. Учора ў мяне былі рэпетыцыі і спектакль, а сёння рыхтуюся ды збіраю чамадан, каб прыехаць у Мінск. Як бачыце, не магу адмовіцца ад дробязей, каб сканцэнтравацца. Але чытачам шчыра зычу ўсяго добрага і поспехаў!..
Мы ж папрасілі народнага артыста Беларусі Віктара Манаева, які здымаўся з Будрайцісам у найноўшых “Белых Россах” на “Беларусьфільме”, падзяліцца сваімі ўражаннямі ад працы з майстрам.
— Для мяне надзвычай прыемна было папрацаваць з Юозасам Будрайцісам. Мая фільмаграфія больш сціплая, таму я яшчэ і вучыўся ў яго. Да ўсяго, памятаю з юнацтва стужкі з удзелам калегі: згадаю хаця б той жа “Ніхто не хацеў паміраць”. Прызнацца, часта думаю, як спалучаецца маштаб асобы і акцёрскі талент, акцёрскія здольнасці. Калі ўсё сыходзіцца, дык чалавек тады адкрыты, просты, шчыры. Я ўжо не толькі пра Будрайціса скажу, а пра феномен такі. Я з такімі людзьмі быў знаёмы ў тэатры Янкі Купалы. Гэта Станюта, Кармунін, з сённяшніх майстроў — Аўсяннікаў, Гарбук. У іх няма ніякай, па-руску кажучы, “заносчивости”. Такая структура асобы і робіць чалавека больш чым проста таленавітым у прафесіі. Вось такімі, напэўна, былі і Ляонаў, і Еўсцігнееў, як мне хочацца думаць. Што да Будрайціса, дык гэта чалавек непасрэдны, адкрыты, шчыры, з якім проста добра і лёгка. Прычым ты разумееш, колькі ён зрабіў для мастацтва і для сусветнага кінематографа ў прыватнасці. Да ўсяго, з ім папросту цікава!..
А цяпер - некалькі кадраў з мінскай персанальнай фотавыстаўкі знакамітага літоўскага акцёра Юозаса Будрайціса.
Фота Юрыя ІВАНОВА і Юозаса БУДРАЙЦІСА