Прысутныя паглядзелі фільм пра Караля фон Гутэн-Чапскага, абмеркавалі пытанне ўшанавання ягонай памяці, выказалі думкі наконт магчымасці рэканструкцыі Прылуцкага сядзібнага комплексу, які належыў Чапскаму, надання сядзібе статуса філіяла Музея гісторыі горада Мінска і пераўтварэння ў турыстычны аб’ект рэспубліканскага значэння. Ужо можна казаць пра наяўнасць канцэпцыі праекта і пачынаць пошук інвестараў.
Паколькі адрадзіць Прылуцкі сядзібны комплекс у якасці брэнда сталіцы, рэгіёна і краіны, надаць яму новае жыццё, а таксама здзейсніць мерапрыемствы па ўвекавечанні памяці Гутэн-Чапскага, славутага мецэната, прадпрымальніка, выдатнага адміністратара, без удзелу дзяржавы немагчыма, удзельнікі “круглага стала” вырашылі афіцыйна звярнуцца па падтрымку да ўлад.
На думку ўдзельнікаў “круглага стала”, у Мінску варта ўстанавіць памятны знак у гонар Караля фон Гутэн-Чапскага, мемарыяльныя шыльды на будынках устаноў культуры ды прадпрыемстваў, да стварэння і будаўніцтва якіх ён спрычыніўся як мецэнат і гарадскі галава, надаць ягонае імя адной са сталічных вуліц. Дарэчы, яшчэ у 1911 годзе мінчане, удзячныя Чапскаму за ягоную дзейнасць па добраўпарадкаванні горада, спрыянне эканамічнаму ды культурнаму развіццю губернскага цэнтра і прылеглых тэрыторый, звярталіся да гарадской улады з падобнай прапановай.
На пасяджэнні была ўтворана Грамадская рада Гісторыка-культурнага фонду “Ляліва”, якая возьме на сябе каардынацыйныя функцыі пры ўмове фінансавання асноўных мерапрыемстваў бізнес-супольнасцю краіны.
На здымках: Бровар (цяпер — піўзавод “Аліварыя”) і Мінскі гарадскі тэатр (цяпер — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) — такія розныя аб’екты, але адзін інвестар: мінскі гарадскі галава граф Караль фон Гутэн-Чапскі.