Юбілейны фестываль распачаўся выступленнем Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча. Акрамя таго, на філарманічнай пляцоўцы сваё майстэрства прадэманстравалі лаўрэаты форуму папярэдніх гадоў, а таксама юныя выканаўцы — прадстаўнікі нацыянальных аб’яднанняў, афіцыйна зарэгістраваных на Беларусі. Да адкрыцця таксама былі прымеркаваны экспазіцыя “Беларусь шматнацыянальная” ў Нацыянальнай бібліятэцы і фотавыстаўка “Беларусь — наш агульны дом” у Нацыянальным гістарычным музеі.
Як адзначыў міністр культуры нашай краіны Барыс Святлоў, адкрыццё чарговага, унікальнага па сваёй форме, праекта — не конкурснае творчае спаборніцтва. Тым не менш, на думку міністра, гэтае ўрачыстае мерапрыемства дэманструе значнасць і шматграннасць нашай культуры.
Цягам года ў рамках фестывалю па ўсёй краіне пройдуць адборачныя туры. У прыватнасці, праз колькі тыдняў фэст пачнуць прымаць раёны. На чарзе — абласныя конкурсы. Сталіцай фінальных мерапрыемстваў па традыцыі стане Гродна. Нагадаем, Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур праходзіць у Беларусі раз на два гады і па сваім фармаце не мае аналагаў у свеце. Форум збліжае і аб’ядноўвае ўсе народнасці, якія пражываюць на тэрыторыі нашай краіны, спрыяе захаванню нацыянальнай самабытнасці і, разам з тым, узаемаразуменню ды ўзаемнаму ўзбагачэнню культур.
Фота аўтара