Беларусь гэтым разам засяроджвае ўвагу суседзяў па Еўропе на тэме “Нематэрыяльная гісторыка-культурная спадчына: ахова, супрацоўніцтва, пераемнасць”. Загадчык сектара па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір, якая курыруе міжнародны праект ад нашай краіны, паведаміла “К”, што мэта ўдзелу Беларусі ў Днях — заўжды нязменная: засведчыць нашу прысутнасць у актуаліях сённяшняй Еўропы, пацвярджаць далучанасць беларускай нацыі да агульнаеўрапейскай гісторыка-культурнай плыні.
У рамках Дзён еўрапейскай спадчыны пройдуць прэзентацыі спецыялізаванага рэсурсу — сайта “Жывая спадчына Беларусі”, а таксама выданняў, падрыхтаваных Інстытутам культуры Беларусі да 10-годдзя прыняцця Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай спадчыны. На шасці DVD-дысках будзе прадстаўлены каталог нематэрыяльнай спадчыны беларускіх рэгіёнаў.
2013-ы — юбілейны для еўрапейскай культуры. Дваццаць гадоў таму Рада Еўропы ратыфікавала Еўрапейскую культурную канвенцыю. З гэтай нагоды Міністэрства культуры Беларусі і Рада Еўропы запланавалі шэраг сумесных акцый. Так, у кастрычніку ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца прэзентацыя выдання “Беларусь і культурная памяць Еўропы”.