Мяркуецца, што пасля вяртання ў Лондан гэтыя экспанаты не будуць пакідаць радзіму чвэрць веку. Праект яшчэ доўжыцца, але ўжо можна падвесці некаторыя вынікі гэтай культурнай акцыі.
Адказаць на пытанне, чым стаўся для Мінска і Нясвіжа сумесны праект з лонданскім Музеем Вікторыі і Альберта, якім досведам ўзбагацілася наша музейная справа, мы папрасілі супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Музея-запаведніка “Нясвіж”.
Святлана ПРАКОП’ЕВА, куратар выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі:
— Мы і раней прымалі выстаўкі з Усходняй і Заходняй Еўропы, з Амерыкі. Праўда, у сёлетнім праекце былі моманты, з якімі мы сутыкнуліся ўпершыню. Напрыклад, Нацыянальны мастацкі музей упершыню плаціў за арэнду экспанатаў. Упершыню трэба было атрымліваць спецыфічныя ліцэнзіі, з чым раней не працавалі...
Наталля ЖАРКО, куратар выстаўкі ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”:
— Гэта быў прынцыпова новы для нашага музея праект. Мы толькі адкрыліся, і напачатку супрацоўнічалі толькі з рэспубліканскімі ўстановамі. І вось, такі сусветна вядомы музей — у нашых сценах! Праз гэты праект мы атрымалі вялікі досвед, які, безумоўна, прыдасца нам у будучыні. За час існавання Музеем Вікторыі і Альберта назапашаны велізарны вопыт ва ўсім, што датычыцца збору экспанатаў, іх перавозкі, захоўвання, стварэння экспазіцый. Цяпер жа з гэтым досведам азнаёміліся і мы. Усе службы Музея-запаведніка “Нясвіж” былі зайдзейнічаны на брытанскай выстаўцы, і мы адпаведна, атрымалі свайго кшталту майстар-клас.
Хачу адзначыць яшчэ адну акалічнасць. Мы на свае вочы ўпэўніліся, што нашы нацыянальныя скарбы не горшыя за тыя каштоўнасці, што прывезлі брытанцы, і вартыя не меншай увагі. Дарэчы, брытанскія калегі далі высокую ацэнку экспанатам Нясвіжа. Я сказала б, што ў іх варта павучыцца таму, як трэба сябе любіць.
Хоць у Нясвіжа праблема не ў адсутнасці наведвальнікаў, а, хутчэй, у празмернай іх колькасці, выстаўка з Лондана паказала, што рэкламай трэба займацца не толькі напярэдадні падзеі, але на працягу ўсяго часу працы экспазіцыі, нагадваць пра яе праз тэлебачанне, радыё, прэсу.
І апошняе: мы і надалей збіраемся прымаць выстаўкі з-за мяжы. Для гэтай мэты рэалізуем праект “Выставачная зала”. Прадметы з Музея Вікторыі і Альберта былі прадстаўлены непасрэдна ў залах асноўнай экспазіцыі. Цяпер жа мы ствараем спецыяльную залу для выставак, абсталяваную пэўным чынам…