Беларусь і Ізраіль у культурным плане звязаны шмат чым. Вось, скажам, унікальная экспазіцыя жывапісу "Па слядах Шагала ў Ізраілі", што працавала ў галерэі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а цяпер дэманструецца ў гомельскай Галерэі Гаўрылы Вашчанкі. Перасоўная выстаўка, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння знакамітага ўраджэнца Віцебшчыны, была арганізавана Аб'яднаннем прафесійных мастакоў Ізраіля, сярод членаў якога - шмат выхадцаў з краін былога СССР, у тым ліку з Беларусі. Айчынны глядач атрымаў магчымасць азнаёміцца з дадзенай экспазіцыяй, дзякуючы Ізраільскаму культурнаму цэнтру пры Пасольстве Дзяржавы Ізраіль у Мінску.
Да адкрыцця выстаўкі жывапісу і літаратуры быў прымеркаваны візіт у Беларусь вядомага ізраільскага кінематаграфіста Сашы КЛЯЙНА.
Ён - прадзюсар дакументальных і мастацкіх стужак, выкладчык факультэта кіно і тэлебачання Тэль-Авіўскага ўніверсітэта, які працаваў у шэрагу краін свету і завітаў у Беларусь з азнаямленчым візітам. Сярод падзей, што адбыліся ў Сашы Кляйна за тры дні яго знаходжання ў нашай краіне, былі і сустрэчы з беларускімі прафесіяналамі ад кіно, кіраўніцтвам Нацыянальнай студыі "Беларусьфільм", майстар-клас для студэнтаў факультэта экранных мастацтваў БДАМ.
Прынамсі, спадару Кляйну ёсць пра што распавесці сваім беларускім калегам: за плячыма ў яго, ураджэнца ўкраінскага Мукачава, не толькі журфак Ленінградскага ўніверсітэта, але і кінашкола ў Тэль-Авіве, стажыроўка і праца ў Галівудзе, праца ў карпунктах буйных тэлекампаній і, нарэшце, кіраўніцтва адной з іх. Як прадзюсар Саша Кляйн вядомы не толькі стужкамі пра жыццё ў Ізраілі ды за яго межамі (самы вядомы фільм Кляйна - аповед пра апошнія месяцы жыцця Прэм'ер-міністра Ізраіля Іцхака Рабіна), але і працай з расійскімі рэжысёрамі, у тым ліку - Георгіем Данэлія на стужцы "Пашпарт", дзе Саша Кляйн быў не толькі другім рэжысёрам і выканаў адну з эпізадычных роляў, але і даў сваё прозвішча каларытнаму персанажу Армэна Джыгарханяна...
- У раскладзе вашага візіту - сустрэчы з беларускімі кінематаграфістамі. Ці значыць гэта, што хутка трэба чакаць сумесных беларуска-ізраільскіх кінапраектаў?
- Натуральны шлях развіцця сусветнага кіно - міжнародная кааперацыя. Было б вельмі цікава знайсці магчымасці для супрацоўніцтва паміж прафесіяналамі нашых краін. Калі заключаецца дагавор аб капрадукцыі - сумесныя праекты ладзіць значна лягчэй. Мне як прадзюсару можна, да прыкладу, здымаць стужку за ізраільскія грошы на тэрыторыі іншай дзяржавы. Таму вельмі спадзяюся сустрэць узаемную цікавасць у гэтым пытанні з беларускага боку.
- Калі гіпатэтычна ўявіць сабе сумесны праект беларускіх і ізраільскіх дакументалістаў, што за тэма можа зацікавіць вашых гледачоў, многія з якіх з'яўляюцца выхадцамі з нашай краіны?
- Такая ж, што можа зацікавіць і жыхароў іншых краін: нешта новае, актуальнае, "балючае". Здымаць трэба пра тое, што хвалюе канкрэтнага чалавека. Не так даўно я прадзюсіраваў карціну аб лёсе былых суседзяў і аднакласнікаў, якія апынуліся ў Ізраілі. Яна мела вялікі поспех: менавіта з-за таго, што гледачы ўбачылі ў ёй саміх сябе. Вось гэта і павінна рабіць сучаснае кіно: паказваць чалавеку самога сябе. І тады поспех - забяспечаны!..
- Ваш сёлетні візіт у Беларусь - ужо не першы...
- Так, у 1997 годзе я са здымачнай групай наведаў Мінск, Брэст, Пінск: нашай мэтай было стварэнне цыкла стужак, прысвечаных Халакосту. Адна з яго серый распавядала пра падзеі Другой сусветнай вайны на беларускай зямлі - мы здымалі мемарыялы ахвярам вайны, наведалі Брэсцкую крэпасць... Хачу адзначыць, што змены да лепшага - відавочныя і адлюстроўваюцца на тварах жыхароў вашай сталіцы. Мінск цяпер ззяе ўсімі колерамі, а мінчане радуюць сваімі шчырымі ўсмешкамі. Гэта вельмі прыемна!
- Саша, ізраільскія кінематаграфісты ў апошнія гады дамагліся шэрагу значных фестывальных поспехаў. Ваш кінематограф - вельмі самабытная і паспяховая з'ява. Ці ёсць нейкі сакрэт у ізраільскага "кінематаграфічнага цуду"?
- Ніякага асаблівага сакрэту няма, хоць Ізраіль сам па сабе - унікальная краіна, нібыта створаная для кіназдымак: яе прырода, гісторыя, культура, людзі прапануюць шмат магчымасцей. Нездарма многія кінематаграфісты з сусветнымі імёнамі выбіраюць нас у якасці здымачнай пляцоўкі. Здымаць тут сапраўды вельмі зручна, у тым ліку таму, што прырода не падносіць непрыемных сюрпрызаў у выглядзе працяглых ападкаў. Тое ж самае з падборам акцёраў: у нас, з гістарычных прычын, можна літаральна за адзін дзень знайсці акцёраў з любой знешнасцю, якія валодаюць любой мовай свету. Дарэчы, асабіста мне, ураджэнцу Закарпацця, добрае валоданне венгерскай мовай у свой час дапамагло ўзначаліць буйную кампанію па вытворчасці тэлевізійных стужак у Будапешце. А дзякуючы веданню рускай я выступаю прадстаўніком расійскіх тэлеканалаў і ўдзельнічаю ў сумесных кінапраектах. Не так даўно на экраны выйшла новая стужка Паўла Лунгіна "Дырыжор". Яна стваралася якраз у Ізраілі рускамоўнай інтэрнацыянальнай камандай, што было б куды цяжэй у іншай краіне...
- Тым не менш, сакрэт поспеху вашага кіно, відаць, не толькі ў геаграфічных або гістарычных прычынах...
- Безумоўна. Поспеху мы абавязаны і выдатнай сістэме адукацыі, і значнай дзяржаўнай падтрымцы кінавытворчасці. Ізраіль - невялікая краіна, у якой можна разлічваць толькі на чатыры мільёны гледачоў, што наведваюць 300 кінатэатраў. Але для таго, каб фільмы акупаліся, гэтага відавочна недастаткова. Таму дзяржава фінансуе кіно. У якасці яшчэ адной меры развіцця дакументальнага кіно ізраільскае заканадаўства ў кінематографе абавязвае буйныя тэлеканалы краіны ў абавязковым парадку забяспечваць вытворчасць і паказ дакументальных фільмаў. Пры гэтым дзейнічае не толькі адладжаная сістэма кантролю аб'ёму і якасці, але і падтрымкі ды стымулявання гэтага працэсу. Зразумела, атрымаць дзяржаўнае фінансаванне вельмі складана: на яго прэтэндуюць нават не дзясяткі, а сотні кампаній. Справа ў тым, што кіно ў нас знаходзіцца на адным з першых месцаў у рэйтынгу самых папулярных заняткаў.
- Дарэчы, што наконт прафесійных рэсурсаў?
- Існуюць спецыялізаваныя сярэднія школы, дзе профільнымі дысцыплінамі з'яўляюцца кінематаграфічныя, і адзнака за іх ідзе ў атэстат. Пры кожным універсітэце працуе кінашкола, папулярная ў асяродку студэнтаў. Адмысловыя падраздзяленні, якія ствараюць хранікальныя і вучэбныя стужкі, існуюць і ў войску. Нашы студэнты традыцыйна праходзяць стажыроўку ў самых лепшых навучальных кінаўстановах свету. Зразумела, што канкурэнцыя паміж выпускнікамі кінашкол, якіх у год атрымліваецца прыкладна 250 - 300 чалавек, і дзеючымі рэжысёрамі ў Ізраілі - неверагодна вялікая. Перамагае ў ёй нават не мацнейшы, а - самы лепшы, можна нават сказаць, геніяльны. І няма ніякай розніцы, пачатковец гэта або прызнаны мэтр з дзясяткамі міжнародных узнагарод, - кожны праект ацэньваецца як галоўны ў жыцці.
- Атрымліваецца, што колькасць перарастае ў якасць?
- Менавіта так. У год у нас здымаецца 25 - 30 поўнаметражных мастацкіх стужак, каля 400 гадзін дакументалістыкі. Пры такой колькасці кожны год абавязкова адна-дзве карціны "выстрэльваюць" і становяцца знакамітымі на ўвесь свет. Напрыклад, сенсацыя мінулага года - карціна "Зноска" Ёзафа Сідара, апрача атрымання прыза за лепшы сцэнарый на мінулагоднім Канскім фестывалі, трапіла ў шэраг намінантаў на прэмію "Оскар". Таксама на "Оскар" тры гады таму намініраваўся ўнікальны дакументальна-анімацыйны праект "Вальс з Башырам" Ары Фольмана і Бэні Гудмана. У 2000-я шырокі міжнародны розгалас атрымаў "Бафор" вышэйзгаданага Ёзафа Сідара, "Візіт аркестра" Эрана Калірына. Апошні, дарэчы, пры бюджэце каля мільёна еўра ў выніку зарабіў амаль 32 мільёнаў! Менавіта такі шлях стварэння аўтарскага глядацкага кіно з адносна невялікім бюджэтам і прыносіць поспех, у тым ліку фінансавы, нашай кінаіндустрыі...