Як паведаміў "К" начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, на гэтыя работы было выкарыстана сем мільярдаў рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Перліна сядзібнага дойлідства Магілёўшчыны, па словах Анатоля Сінкаўца, даўно займела ў Кіраўскім раёне статус высокаўплывовага цэнтра культуры і мастацтва, а ў перспектыве, пасля далейшай рэстаўрацыі, палац мае стаць чарговай беларускай прынадай для самых патрабавальных турыстаў.
Начальнік аддзела культуры Кіраўскага райвыканкама Тамара Галубоўская патлумачыла, што першая "адроджаная" чарга тычыцца толькі паўночна-заходняй палацавай часткі, якая набыла першапачатковыя абрысы, прадугледжаныя праектам 1825 года. У гэтай частцы будынка месцяцца памяшканні дзіцячай школы мастацтваў. Нагадаем чытачам, што апрача названай установы ў колішнім уладанні паноў Булгакаў знаходзяцца бібліятэка і музей.
Пасля рэстаўрацыйна-ўзнаўленчых работ у паўночна-заходняй частцы будынка, як распавяла Тамара Галубоўская, з'явіліся новыя аўдыторыі для мастацкага аддзялення ДШМ, а таксама цудоўна абсталяваны харэаграфічны клас. Аднак школа адметная на сёння не толькі новымі сценамі і мэбляй, але і музычнымі інструментамі. З нагоды свята старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік падарыў установе фартэпіяна і раяль, міністр культуры краіны Павел Латушка- два баяны, столькі ж акардэонаў і домр, а таксама балалайку, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Глаз - цудоўную ўласную гітару...
Перад палацам, на скрыжаванні старасвецкіх паркавых алей, выступілі танцавальныя калектывы Бабруйскай харэаграфічнай школы-каледжа. І ўся гэтая ўрачыста-святочная дзея магічным чынам перанесла прысутных у атмасферу балю канца XIX стагоддзя, у часы паноў Булгакаў, што ведалі толк у музыцы і танцах... Словам, як і раней, з палацавага балкона даносіліся чароўныя гукі паланэзаў і мазурак у выкананні скрыпкі, віяланчэлі, фартэпіяна...
У Малой канцэртнай зале палаца выступілі вучні, выпускнікі і выкладчыкі ДШМ. А ў вялікай сабраліся літаральна ўсе жыхары аграгарадка, тут адбылося святкаванне 40годдзя дзіцячай школы мастацтваў, якой нязменна кіруе бліскучы педагог і музыкант Уладзімір Татарынаў.
Па словах начальніка аддзела культуры Кіраўскага райвыканкама Тамары Галубоўскай, у перспектыве рэстаўрацыю чакае паўночная палацавая частка. Будзе адроджана каталіцкая капліца, з'явяцца памяшканні для музейных фондаў, адкрыецца карцінная галерэя. Словам, у Мірскага і Нясвіжскага замкаў з'явіцца годны "канкурэнт".
Фота Максіма МІКЕШЫНА