Прысутнасць Беларусі на гэтым буйным і прэстыжным міжнародным конкурсе становіцца ўсё больш адчувальнай. На ўрачыстым адкрыцці форуму сярод некалькіх "зборных" выступіла і "зборная Беларусі", у якую ўвайшлі былыя канкурсанты ад нашай краіны: Аляксей Хлястоў, Паліна Смолава, Макс Лорэнс (Максім Сапацькоў), Дзядзька Ваня - уладальнік спецыяльнага прыза Алы Пугачовай, і гурт "Lite sound". У іх сумесным выкананні "Зачарованая" Ігара Лучанка зайграла спалучэннем кантрасных стылёвых фарбаў.
Што ж да Юзары, дык ён заінтрыгаваў яшчэ на папярэдніх адборачных турах, што праводзіліся ў Беларусі. Юрый Наўроцкі з'явіўся на нашым эстрадным небасхіле нечакана. Можна толькі здзіўляцца, як добра "хавалі" яго спеўную і артыстычную адоранасць бацька-трубач і маці-спявачка (Галіна Грамовіч - салістка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам). Іншыя бацькі ўжо з дзяцінства вялі б "раскрутку", а гэтыя - ціха адправілі сына вучыцца ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Так Юзары пайшоў "па слядах" свайго дзеда: той заканчваў менавіта гэтую ВНУ. Так што дагэтуль піцерцы ведалі нашага хлопца, мабыць, лепш за нас- па яго ролі Кая ў мюзікле "Снежная каралева", пастаўленым у тамтэйшым мюзікхоле. Затое цяпер яго пачуў увесь свет.