Асноўнымі падзеямі маладзечанскага песенна-паэтычнага фестывалю стануць, паводле традыцыі, праграмы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам і конкурс маладых выканаўцаў.
Падрыхтоўка фестывалю ідзе поўным ходам. Як паведамлялася ўжо, асноўныя канцэрты пройдуць у амфітэатры, які цяпер будуецца. А вось Музычны падворак, што разгарнуўся ва ўнутраным дворыку Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага, ужо быў апрабаваны - у Дзень горада, які святкаваўся 2 ліпеня.
- Мы даўно марылі, - распавёў дырэктар вучылішча Рыгор Сарока, - каб у нашым горадзе адкрылася такая сцэнічная пляцоўка і "зала" пад адкрытым небам. Упершыню я пабачыў падобныя "дваравыя канцэрты" ў еўрапейскім гарадскім асяродку - у Іспаніі і Германіі. Аказалася, архітэктура вучылішчнага будынка вельмі спрыяе гэтаму: не патрабуецца ніякай "падгучкі", бо акустыка ўнутранага дворыка не проста добрая - выдатная! Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, было праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі: з'явіліся тратуарная плітка, азеляненне, нават фантан. У новай "глядзельнай зале" адначасова можа змясціцца каля 700 чалавек. Так што з цягам часу новая пляцоўка можа стаць добрым сезонным дадаткам да існуючых канцэртных пляцовак: выступленні тут можна ладзіць з вясны да восені...