У Мемарыяльным комплексе "Хатынь" у гэты дзень адбудзецца мітынг-рэквіем.
Па словах дырэктара Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу "Хатынь" Артура Зельскага, сёння ўстановай праводзіцца грунтоўная навуковая работа, у тым ліку ў супрацоўніцтве з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. Распачалася маштабная праца па стварэнні электроннай базы даных спаленых беларускіх вёсак. Таксама, як адзначыў Артур Зельскі, у бліжэйшы час запланавана прывесці Хатынскія могілкі ў належны стан і ўключыць іх у экскурсійны маршрут.
На прэс-канферэнцыі з нагоды 68-й гадавіны жахлівых хатынскіх падзей паведамлялася пра пачатак рэалізацыі ўнікальнага праекта, прымеркаванага да 70-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
У межах яго плануецца, найперш, выявіць і аказаць пасільную дапамогу жыхарам спаленых вёсак, запісаць іх успаміны, што ў перспектыве складуць своеасаблівы збор для прадстаўлення на сайце Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.