І н т а р э с ы Наркевіча-Ёдкі былі на стыку шэрагу навук: фізікі, метэаралогіі, медыцыны, псіхалогіі. З яго імем звязаны працы па электрамагнітным в ы п р а м е н ь в а н н і газаразраднай плазмы для візуалізацыі жывых арганізмаў ды раслін і практычнае ўжыванне ў медыцыне метаду, вядомага як "Сістэма Ёдкі". І менавіта яму належыць прыярытэт у вынаходстве радыё, сістэмы градаадводаў, маштабнага выкарыстання атмасфернай электрычнай энергіі ў сельскай гаспадарцы.
Нагодай чарговы раз прыгадаць імя славутага вучонага стала выданне новай кнігі "Яков Оттонович НаркевичИодко (1847 - 1905): биобиблиографический указатель," прэзентацыя якой адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Бібліяграфічны паказальнік уключае звыш 1200 крыніц інфармацыі, у тым ліку пералік навуковых прац Наркевіча-Ёдкі, спіс літаратуры пра яго жыццё і навуковую дзейнасць (кнігі, артыкулы з перыядычных выданняў на рускай, беларускай і іншых мовах, што выйшлі ў 1877 - 2009 гг., больш за 100 спасылак на архіўныя фонды Беларусі і Расіі, электронныя інфармацыйныя рэсурсы).
Пад час прэзентацыі можна было ўбачыць копіі ўключаных у зборнік артыкулаў з рэдкіх выданняў кніг і часопісаў XIX - пачатку XX стст. (у тым ліку малавядомы партрэт Наркевіча-Ёдкі) і атрыманых беларускім вучоным электраграфічных здымкаў, якія захоўваюцца ў бібліятэках і архівах замежных краін.
Гэта яшчэ раз пацвярджае, што многія артэфакты, звязаныя з дзейнасцю вучонага, раскіданы па ўсім свеце. І невыпадкова ў свой час, літаральна 100 гадоў таму, сядзіба Наркевіча-Ёдкі Наднёман была разрабавана, а ўсё тэхнічныя ноў-хау і каштоўныя кнігі адтуль вывезены.
А таму з вялікім энтузіязмам можна вітаць стварэнне Дабрачыннага фонду развіцця навукі, інавацыйных тэхналогій і культуры імя прафесара Якава Наркевіча-Ёдкі, адна з асноўных мэт якога- аднаўленне ўнікальнай сядзібы. Як адзначыў старшыня фонду супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук Уладзімір Самуйлаў, менавіта ў Наднёмане навуковец арганізаваў лепшую ў Еўропе метэастанцыю. Паводле ягоных слоў, па ініцыятыве навукоўцаў БДУ створаны фонд для адраджэння сядзібы Наднёман перыяду найбольш актыўнай дзейнасці навукоўцы ў 1870-х - 1890-х гадах. Такім чынам, цягам пяці гадоў плануецца рэстаўрацыя сядзібнага дома, аднаўленне фізічнай і электраграфічнай лабараторый, метэастанцыі пры захаванні батанічнай каштоўнасці комплексу.
Як падкрэсліў старшыня фонду, на сённяшні дзень сабрана і гатова для музейнага экспанавання калекцыя навуковага і прыкладнога абсталявання ХІХ стагоддзя, якая адпавядае перыяду і тэматыцы дзейнасці Наркевіча-Ёдкі. На гэтым абсталяванні ў адроджанай сядзібе будуць праводзіцца лабараторныя работы дэманстрацыйнага тыпу.
Плануецца, што сумесная праца навукоўцаў, архітэктараў, беларускіх прадпрымальнікаў і мецэнатаў зробіць Наднёман адным з найбольш цікавых аб'ектаў турыстычнай інфраструктуры Беларусі