Па словах начальніка інфармацыйнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алы Шарамецьевай, на сённяшні дзень установай алічбаваны і прадстаўлены ў электроннай бібліятэцы каля 60 тысяч дакументаў. Сярод іх - кнігі, рукапісы, перыядычныя выданні, аўдыяматэрыялы і творы мастацтва. Тым часам праводзіцца сканаванне вялікіх масіваў літаратуры, у першую чаргу - той, якая не падлягае аўтарскаму праву і можа свабодна распаўсюджвацца праз Інтэрнэт.
У планах установы - максімальнае напаўненне электроннай бібліятэкі рэдкімі выданнямі і рукапісамі. Ужо цяпер алічбаваны ўсе выданні Францыска Скарыны, што маюцца ў калекцыі НББ (а гэта 10 кніг). Вядзецца праца па выяўленні выданняў нашага асветніка ў фондах іншых бібліятэк, у тым ліку за мяжой. У выніку ў рамках Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" плануецца стварыць электронную бібліятэку "Францыск Скарына - беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар". Пры гэтым таксама будуць набывацца электронныя копіі выданняў Ф.Скарыны, рыхтавацца факсімільныя выданні першадрукара, якія адсутнічаюць у Беларусі.
У Нацыянальнай бібліятэцы распачалася праца і па сканаванні іншых, не менш каштоўных, выданняў. У прыватнасці, ужо алічбаваны калекцыі інкунабул (45 выданняў ХV ст.) і палеатыпаў (каля 200 выданняў першай паловы ХVI ст.).
Як адзначыла суразмоўца "К", па звестках даследчыкаў, за перыяд з ХVІ па ХVІІІ стст. на Беларусі было надрукавана больш за 4500 экзэмпляраў разнастайных дакументаў. І толькі 15% з іх сёння захоўваюцца ў фондах НББ. А таму праект "Кніга Беларусі ХVІ - ХVІІІ стст." скіраваны на ўзнаўленне поўнага электроннага рэпертуару кніг, выдадзеных за гэты перыяд на тэрыторыі нашай краіны.
Працягваецца праца і па электроннай рэканструкцыі нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў. Лічбавы праект "Радзівіліяна", які ажыццяўляецца пры падтрымцы UNESCO, цяпер уключае каля 200 дакументаў з фондаў НББ. Пры гэтым шмат кніг з нясвіжскай бібліятэкі, зноў-такі, знаходзіцца ў іншых бібліятэках, у тым ліку за мяжой. А таму ў рамках Дзяржпраграмы плануецца далейшае выяўленне, вывучэнне і навуковае апісанне дакументаў для ўключэння іх у электронную бібліятэку.
Тым больш, у гэтай справе прымае ўдзел і Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі. Справа ў тым, што Радзівілаўскі збор, які ўключаны ў рэестр "Памяць свету UNESCO", складаецца не толькі з бібліятэчнай, але і з архіўнай частак. У прыватнасці, згаданы НДЦ нядаўна выпусціў кампакт-дыск "Дакументальная спадчына Радзівілаў (рэестры бібліятэчных і музейных збораў Нясвіжскай ардынацыі)", які змяшчае ўзоры архіўных і кніжных калекцый магнацкага роду.
Па словах дырэктара Цэнтра Вячаслава Насевіча, дадзены праект, таксама як і інфармацыйны кампакт-дыск "Дакументальная спадчына Рэчы Паспалітай", мусіць даць далейшы штуршок для даследаванняў у гэтым накірунку, адкрыць рарытэтныя матэрыялы, важныя для асэнсавання айчыннай гісторыі, шырокай грамадскасці.
Тым часам, Нацыянальная бібліятэка сёння мае пэўныя вынікі і па сканаванні перыядычных выданняў Беларусі другой паловы ХVІІІ - пачатку ХХ стст. Апрацаваны вялікі пласт унікальных рукапісных і друкаваных матэрыялаў і дакументаў часу Вялікай Айчыннай вайны, звязаных з партызанскім і падпольным друкам на Беларусі.
Дзе ж можна азнаёміцца з гэтымі электроннымі матэрыяламі? Зрабіць гэта, па словах Алы Шарамецьевай, можна пакуль толькі ў аўтаматызаванай сістэме непасрэдна ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі. Цяпер прапрацоўваецца пытанне размяшчэння ў Інтэрнэце выданняў, на якія ўжо не распаўсюджваюцца аўтарскія правы. Гэта найперш- старадрукі.
Тым не менш, што не ў стане зрабіць адзін чалавек, можа зрабіць арганізацыя. Ужо сёння нават невялікая сельская бібліятэка (ды і любая ўстанова ўвогуле) можа далучыцца да віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі і за пэўны кошт атрымаць доступ да цікавай для яе базы даных. Паводле праграмы "Культура Беларусі" плануецца прадоўжыць распрацоўку і ўкараненне цэнтралізаванай сістэмы размеркаванага доступу карыстальнікаў да электронных інфармацыйных рэсурсаў айчынных і сусветных вытворцаў, у тым ліку купляць і абнаўляць базы даных. Да таго ж, цягам пяці гадоў да Зводнага электроннага каталога мусяць далучыцца і многія іншыя бібліятэкі Беларусі. А ў перспектыве Каталог можа аб'яднаць усю бібліятэчную сетку краіны, павялічыць колькасць відаў дакументаў, і такім чынам кожны карыстальнік Інтэрнэта зможа, не выходзячы з дому, даведацца пра наяўнасць у бібліятэках той або іншай кнігі і замовіць яе.