- У канцэрце Дня Беларусі, - распавёў рэжысёр Вячаслаў Панін, - песні з рэпертуару "Песняроў" выконваюць многія артысты. Але справа не толькі ў гэтым. Мне як рэжысёру вельмі хацелася таксама падкрэсліць, што Мулявін вызначыў сам шлях, па якім потым пайшла моладзь. Ён стаў, бадай, першым на беларускай эстрадзе, хто быў настолькі прынцыповым у сваіх рэпертуарных пошуках. Сёння ж за ім крочаць многія. І справа - зусім не ў дакладным падабенстве! Бо кожны з артыстаў працягвае, развівае, перайначвае на свой лад тую або іншую мулявінска-песняроўскую рысу, знаходзіць тое, што яму бліжэй, а значыць - вызначае свой уласны творчы лёс, неаддзельны ад нашай спадчыны. Ірына Дарафеева, Іна Афанасьева, "Палац", "Лепрыконсы", "Аляксандра & Канстанцін", "Харлі" - усе гэтыя салісты і гурты вельмі розныя, але іх агульны партрэт і складае сёння аблічча нашай сучаснай эстрады. І ў кожным з іх - свая рысачка, нітачка, бліскаўка ад Уладзіміра Мулявіна: у адных - фольк, у другіх - неафольк, у кагосьці - лірыка, у кагосьці - гумар. Дарэчы, элементы гумару бачныя цягам усёй праграмы, і гэта - таксама працяг таго, што рабіў Уладзімір Мулявін, калі пазбаўляў гледача і слухача аднабокага стаўлення да народнай спадчыны. Ён умеў бачыць сакавіты народны гумар і сам валодаў тонкім мастацкім пачуццём, якое дазваляла яму выбіраць усё лепшае і абсалютна натуральна спалучаць, здавалася б, зусім неспалучальнае. Ну, а завершыцца канцэрт "хітом усіх хітоў": "Касіў Ясь канюшыну" будуць спяваць і танчыць усе ўдзельнікі, уключаючы ансамбль "Харошкі" і Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Генадзя Цітовіча...
Не толькі ў Дні Беларусі, але ледзь не ў кожным канцэрце на "Славянскім базары ў Віцебску" ў той або іншай ступені ўдзельнічаюць нашы артысты - прафесійныя і зусім юныя. Кожны з іх падрыхтаваў да фестывалю свае прэм'еры, сюрпрызы, штосьці самае адметнае. Вынікі можна будзе падводзіць пасля заканчэння свята, пакуль жа абмяжуемся зваротам да арт-групы з красамоўнай назвай - "Беларусы".
- За час свайго існавання "Славянскі базар у Віцебску" стаў настолькі значнай падзеяй, што каляндарны год кожнага беларускага і многіх замежных артыстаў падзяляецца на "да" і "пасля" гэтага фестывалю. Ёсць і такая "народная прыкмета": калі беларускі артыст або калектыў удзельнічае ў "Славянскім базары ў Віцебску" - значыць, ён існуе!