Малка Цэнцыпер працуе ў розных жанрах, тэхніках і матэрыялах, віртуозна спалучаючы ў выявах рэальнасць і абстракцыю. Пры ўсёй разнастайнасці творчасці, жывапіс, графіка і скульптура М.Цэнцыпер прысвечаны адной вялікай тэме - рознакаляроваму, маляўнічаму, шумнаму свету жыхароў яўрэйскага мястэчка. Тут святкуюць вяселлі, кружацца ў танцы пары, цалуюцца закаханыя, ліха граюць клезмеры, танцуюць феі...
Работы майстра прасякнуты гумарам, радасцю, любоўю і шчасцем. Сёння мастак вядомая не толькі ў Ізраілі, але і ў ЗША, Мексіцы, Грэцыі, Іспаніі, Францыі ды іншых краінах. Рэгулярна выстаўляецца ў галерэях Ізраіля, а таксама ўдзельнічае ў калектыўных экспазіцыях у сваёй краіне і за мяжой.