Сёння горад зведвае змены: адбываюцца капітальныя рамонты дарог, прыгажэюць вуліцы. Новую тэхніку і мэблю атрымаюць установы культуры горада Хойнікі да Дня пісьменства. Пра гэта стала вядома пасля правядзення чарговага абласнога Штаба па падрыхтоўцы да свята, які прайшоў 2 чэрвеня з удзелам намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Пятра Кірычэнкі. Начальнік аддзела культуры Хойніцкага райвыканкама Валянцін Баранаў адзначыў: "Больш за 2 мільярды рублёў накіравана на капрамонт раённага Дома культуры; бібліятэка і дзіцячая школа мастацтваў атрымалі каля 900 мільёнаў. Рамонтна-будаўнічыя работы вядуцца ў Сядзібным комплексе XIX стагоддзя, куды хутка пераедзе раённы краязнаўчы музей".
Гліняная статуэтка "Друкар" падрыхтавана спецыяльна да свята на Мазырскай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Шмат керамічных вырабаў можна будзе набыць у Хойніках: збанкі, кубкі, медалі, малую скульптуру з гербам горада або яго назвай. Да Дня пісьменства майстры саткалі на кроснах ручнік з беларускім арнаментам. Пра ўсё гэта паведаміў выконваючы абавязкі дырэктара Мазырскай фабрыкі Уладзімір Агафоненка.
С.Ю.