Мне ў свой час давялося пабываць у замежжы. Але, колькі ні прыглядаўся да дзяўчат, маладзіц і кабет, нідзе, як у роднай Беларусі, няма прыгажэйшых за нашых жанчын. Адкуль вытокі такой прыгажосці, прывабнасці? Давайце зробім невялічкую вандроўку ў мінулае часоў Рагнеды і Прадславы… Якім чынам? Пры дапамозе даных археалогіі.
Як выглядала, скажам, жаночае адзенне ў тыя часы? З чаго яно шылася? Пераважна, канешне, з тканіны мясцовага паходжання. Пад час раскопак у Полацку, Мінску, Брэсце, Мсціславе, Слоніме, Віцебску і Слуцку трапляліся фрагменты шарсцяных тканін саржаватага і палатногаперапляценняў. Пераважная большасць з іх мае светлаватажоўты або светлашэры колер — натуральны для воўны, але сустракаюцца і кавалачкі тканін, афарбаваныя ў чорны, чырвоны, карычневы, зялёны колеры.
Убранне вялікай княгіні ХХ -- ХІІ стст.
Трапляліся тады і тканіны замежнай вытворчасці — з Візантыі і краін Заходняй Еўропы. Гэта былі палотны, дзе ўзор складаўся з розных кветак (разетак) і крыжыкаў, якія ўваходзілі ў сетку ромбаў, кругоў і шматкутнікаў. Сустракаюцца археолагам тканіны з лінейным узорам і малюнкамі. Кавалак адной з іх знойдзены ў 1953 г. на Мінскім замчышчы Э.Загарульскім: кавалак шаўковай тканіны візантыйскай вытворчасці, багата дэкарыраванай раслінным арнаментам, выяўлены ў напластаваннях ХІІ ст. А ў Гродне на тэрыторыі Старога замка знойдзена залататканая стужка гэтага ж часу. Сустракаюцца і кавалачкі сплеценай з тоўстых нітак тканіны, якая, верагодна, прызначалася для пашыву верхняй вопраткі ў халодную пару года…
Даныя археалогіі дапаўняюцца выявамі мініяцюр са старажытнарускіх летапісаў. Так, паводле археалагічных звестак і пісьмовых крыніц можна паспрабаваць зрабіць рэканструкцыю жаночага адзення таго часу. Падобная спроба ёсць у кнізе Л.Дучыц “Касцюм жыхароў Беларусі Х — ХІІІ стст.”.
Галоўнымі часткамі адзення былі льняныя кашулі і паясное адзенне — панёва. Кашулі рабіліся ніжнія і верхнія, а паводле крою былі ў асноўным тунікападобныя.Паколькі шырыня сатканай тканіны звычайна не перавышала 45 — 53 см, то даводзілася кроіць адзенне з некалькіх кавалкаў. Клінападобныя ўстаўкі пашыралі кашулю па падоле, а рамбічныя ластавіцы ўшываліся пад пахамі. Па баках нярэдка рабіліся разрэзы. Рукавы былі доўгімі, а ў святочных кашулях збіраліся на запясці бранзалетамі. Каўняры рабіліся стаячыя, вышынёй 3 — 6 см, у форме карэ або трапецыі. Сярод стаячых каўняроў часам сустракаюцца і вышытыя шоўкам. Такія каўняры збоку зашпільваліся на гузікі. Некаторыя каўняры рабіліся на падкладцы са скуры, лубу або бяросты.
Насілі і кашулі, дзе разрэз быў пасярэдзіне грудзіны. Каўнер звязваўся тасьмой, альбо зашпільваўся гузікамі ці фібулай. Паводле даных раскопак, знойдзены гузікі трох тыпаў: кляпікі, або кастыльковыя, пляскатавыпуклыя і шарападобныя. Яны выточваліся з дрэва, косці, альбо адліваліся з металу. Каўнер, краі кашулі і рукавоў упрыгожваліся вышыўкай, металічнымі пласцінкамі або тасьмой. Таксама выкарыстоўвалі і вязаныя карункі. У касцюме знаці распаўсюджаны накладныя каўняры, расшытыя перлінамі. Кашулі шыліся доўгімі, на іх апраналі панёвуабо верхнюю сукенку.
Панёва ў тыя часы ўяўляла з сябе нясшыты ў адно кавалак тканіны, які завязвалі вакол пояса такім чынам, каб краі разыходзіліся спераду, пакідаючы адкрытым падол кашулі. Часта панёвы рабіліся з тканін у клетку або ў палоску. З нагоды, што шырыня тагачасных тканін быланевялікай, згаданыя вырабы маглі шыцца з трох, чатырох ці шасці полак. Можна меркаваць, насілі і панёвы з дзвюх плахт, якія трымаліся з дапамогай пояса. Улетку ж, у час палявых работ, адзіным відам жаночага паяснога адзення быў завязаны ззаду фартух. Хутчэй за ўсё, тагачасныя жанчыны ведалі і сарафаны. Яны складаліся са спадніцы і кароткага станіка на шлейках, што прышпільваліся фібуламі.
Сярод багатых гараджан і знаці былі распаўсюджаны доўгія сукенкі (пра тое сведчаць мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Насілі сукенкі і вяскоўцы. Так, у 1876 г. беларускі археолаг Генрых Татур каля в. Сенніца, што паблізу ад Мінска, у адным з раскапаных ім курганоў знайшоў цэлую шарсцяную сукенку цёмнабарвовага колеру, пакладзеную ў нагах нябожчыцы.
Верхнім адзеннем як жанчын, так і мужчын таго часу былі світы. Яны рабіліся з шэрсці і зашпільваліся на гузікі — касцяныя, драўляныя ці металічныя, альбо мацаваліся фібуламі. Частка такой світы, сплеценай з тоўстых шарсцяных нітак, была знойдзена ў 1977 г. у Віцебску ў напластаваннях ХІІ — ХІІІ стст. Пісьмовыя крыніцы згадваюць аб футрах з мядзведзя, ваўка, лісіцы, бабра, вавёркі: косткі гэтых звяроў часта і ў вялікай колькасці знаходзяць пад час раскопак у культурным слоі старажытных гарадоў.
Рэканструкцыя строяў гараджанкі ХІ-ХІІ стст., выкананая Л.Дучыц.
Заможныя людзі насілі плашчы, якія ведалі пад назвамі: корзна (княжацка-баярскі плашч), прывалока (кароткі плашч з парчы), луда (плашч з яркай, расшытай золатам парчы), мятль (плашч з вельмі дарагіх тканін), кіса (плашч князёў і баяр).
Важная роля ў касцюме адводзілася поясу. Па павер’ях, гэты выраб засцерагаў ад хвароб і замінаў шлях нячыстай сіле. Паясы рабіліся скураныя, плеценыя з нітак, тканыя, шытыя з тканін, залататканай тасьмы. Шырыня паясоў была ад 2 да 4 см. У Віцебску ў пабудове канца ХІІІ ст. Верхняга замка знойдзены пояс шырынёй 7 — 8 см, сшыты з дзвюх частак, даўжынёю 60 см кожная. Зашпільваліся такія прадметы пры дапамозе металічных спражак. Да пояса маглі падвешвацца скураныя торбачкі, крэсіва і грэбень у скураных похвах, ножны і інш. Магчыма, што касцюм жанчын розных сацыяльных класаў быў аднолькавым па кроі, але розны па выкарыстоўванні тканін і наборы аздоб.
Леанід КАЛЯДЗІНСКІ,
кандыдат гістарычных навук, археолаг