- Падобныя майстар-класы, - падвяла вынік дырэктар і мастацкі кіраўнік фестывалю Лідзія Батырава, - праводзіліся і раней, але былі больш лакальныя. Сёлета ж яны прайшлі, як і самі канцэрты, на сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і выклікалі вялікую зацікаўленасць. Народны артыст СССР Уладзімір Мінін, да прыкладу, праводзіў майстарклас са сваім уласным калектывам - Маскоўскім дзяржаўным акадэмічным камерным хорам. Пад час майстар-класа ім "паспрабавала" кіраваць выкладчыца нашага каледжа Ірына Праліска. А народная артыстка СССР Ліяна Ісакадзэ, якую называюць "скрыпачкай стагоддзя", "першай скрыпкай свету", працавала з чатырма юнымі беларускімі скрыпачамі.
Адзначу і вельмі стройную канцэпцыю сёлетняга фестывалю. Сумесным выступленнем расійскага хору і беларускіх аркестрантаў мы акрэслілі 10-годдзе Саюзнай дзяржавы. Добра былі прадстаўлены і іншыя замежныя краіны: Украіна, Італія, Кітай. Сярод удзельнікаў былі таксама прадстаўнікі Германіі, Літвы, Польшчы, Румыніі. Такім чынам, мы быццам з'ядналі Захад і Усход. Цэлае канцэртнае аддзяленне было аддадзена выступленню лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У кожным вечары была свая "разыначка", кожны знайшоў сваіх удзячных слухачоў. Вядома, што такое маштабнае мерапрыемства не магло б адбыцца без дзяржаўнай і спонсарскай падтрымкі. Але грошы, укладзеныя ў культуру, даюць, бадай, самы вялікі прыбытак - духоўны. Штогадовае правядзенне фестывалю сфарміравала адпаведную публіку - зацікаўленую, дасведчаную, з выхаванымі эстэтычнымі густамі.