Вера Юр'еўна - журналіст, трыццаць сем гадоў аддала прафесіі, а з 1990-га піша кінасцэнарыі, па якіх пастаўлена 25 карцін. Дарэчы, толькі сёлета выйшлі дзве яе работы, прысвечаныя рускаму паэту Аляксандру Пушкіну і народнай артыстцы СССР Галіне Макаравай.
- Усе свае карціны я здымаю таму, што люблю. А тут - асаблівы ракурс. Усё, што звязана з гэтым чалавекам у маім жыцці, - не выпадкова. У 1976-м, на золку сваёй творчай дзейнасці, я была на канцэрце Нэмэна ў мінскім Палацы спорту, пасля брала ў яго інтэрв'ю. Яно, дарэчы, так і не пабачыла свет, аднак сустрэча тая перавярнула маю свядомасць! Я навучылася разумець і цаніць, як і многія іншыя прадстаўнікі майго пакалення, добрую музыку і паэзію. Цяпер жа, наведаўшы яго радзіму - Старыя Васілішкі, што на Шчучыншчыне, - зразумела: фільм - атрымаўся. Шчырая вера ў Бога і любоў да роднага кута - крыніца, якая жывіла ўсё ягонае жыццё...
Стужка апавядае пра гады дзяцінства і сталення Чэслава Выджыцкага, таму творчая група новай студыі дакументальнага кіно Белтэлерадыёкампаніі працавала ў Старых Васілішках. Як кажа Валерый Гаравой, здымаць было няпроста, а манціраваць матэрыял у фармат 26хвіліннага фільма - яшчэ больш складана. Імкнучыся ўзнавіць сцэны з дзяцінства Нэмэна, члены творчай групы дадалі працы і кансультанту стужкі - старшыні Васілішкаўскага сельскага савета Уладзіміру Сянюту:
- Трэба было знайсці хлопчыка, які сыграе Чэслава ў дзяцінстве. Для гэтага правялі сапраўдны кастынг на стадыёне. У выніку на ролю музыканта ў дзяцінстве быў выбраны Дзіма Вашчыла, а Саша Ашмянчук - уладальнік цудоўнага голасу - пагадзіўся спяваць за кадрам. Паколькі Чэслаў любіў "з ветрыкам" пракаціцца на матацыкле, мне давялося, - прыгадвае Уладзімір Сянюта, - аб'ездзіць усе ваколіцы, каб знайсці стары матацыкл "Мінск". І нават старую лодку, на якой ён ездзіў па рацэ, знайшлі...
У фільме прагучаць і ўспаміны васілішкаўцаў, Соф'і Мухляда, Яніны Паўловіч, Веранікі Маркевіч ды іншых, якія асабіста ведалі музыканта.
Ала БІБІКАВА Гродна
На здымку: Вера Савіна бярэ інтэрв'ю ў Чэслава Нэмэна пасля канцэрта ў Мінску. 1976 г.