У сваім выступленні Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі Джуліа Прыджоні падкрэсліў, што гуманітарным праектам італьянскі бок надае вялікую ўвагу. "Узаемадачыненні ў сферы культуры, - зазначыў італьянскі пасол, - як і ў сферы эканомікі- вельмі значныя. Кажучы пра эпоху Адраджэння, нельга абысці постаць Боны Сфорцы, якая з'яўлялася каралевай Рэчы Паспалітай і, адначасова, вялікай княгіняй Вялікага княства Літоўскага. Менавіта ёй, як і ўплыву італьянскага Адраджэння на культуру і мастацтва ВКЛ, прысвечаны гэты форум". У працы канферэнцыі, што доўжылася два дні, прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эдмінас Багдонас і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў нашай краіне Генрык Літвін, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Аўдзеева, дырэктар НББ Раман Матульскі, а таксама вядучыя гісторыкі, мастацтвазнаўцы, літаратуразнаўцы, архітэктары, якія займаюцца вывучэннем эпохі Адраджэння і яе ўплыву на культуру Вялікага княства Літоўскага, даследуюць, якім чынам адбываліся ўзаемасувязі дзвюх культур.
Нашу краіну прадстаўлялітакія навукоўцы, як Уладзімір Конан, Тамара Габрусь, Уладзімір Кароткі, Настасся Скяп'ян, Сяргей Логіш, Мікалай Волкаў ды іншыя. Даследчыкі адзначалі, што ў найбольшай ступені рэнесансныя павевы адбіліся на беларускай архітэктуры і выяўленчым мастацтве. Доктар мастацтвазнаўства Тамара Габрусь, у прыватнасці, зазначыла, што ўсе плыні, адлюстраваныя ў дойлідстве Рыма, Венецыі, Вероны, Падуі, Равэны, Мілана, Неапаля і іншых гарадоў Італіі - антычныя, хрысціянскай архітэктуры, рэнесанснай і пострэнесанснай, эпохі барока, - суадносяцца з архітэктурай Беларусі, з яе культурай. Рэнесансны ўздым назіраўся на беларускіх землях у ХVІ стагоддзі, калі тут уладарыла каралева Бона, якая ведала творчасць Леанарда да Вінчы. З імем каралевы звязана і будаўніцтва Рагачоўскага замка. У італьянскім стылі пабудаваны Ляхавіцкі, Нясвіжскі замкі, камяніца Вітаўта ў Гродне.
Вялікае княства Літоўскае другім у Еўропе пасля Італіі пачало ўзвядзенне барочных будынкаў. Першым такім збудаваннем стаўся касцёл у Нясвіжы, спраектаваны в я д о м ы м дойлідам Бернардоні. Нават праспект Незалежнасці ў Мінску, яго пасляваенная забудова, як адзначыла Тамара Габрусь, мае рысы італьянскага Адраджэння. Але адной з самых ранніх фартыфікацыйных пабудоў у падобным стылі ў ВКЛ быў Заслаўскі замак. Асобнае месца займае Пінск, дзе цягам доўгага часу жыла каралева Бона: яго старажытны цэнтр літаральна дыхае італьянскім Адраджэннем. Усе тыя этапы ў архітэктуры, што прайшла Італія, мінула і Вялікае княства Літоўскае. На пачатку ХVІ стагоддзя гэта была позняя готыка, потым фарміруецца мясцовы Рэнесанс, а пасля адбываецца пераход да барока.
У італьянскім горадзе Бары (там пэўны час жыла Бона Сфорца) захаваліся архітэктурныя кампазіцыі, якія, паводле слоў Тамары Габрусь, пацвердзілі яе думку, што Бона Сфорца і Ізабэла Арагонская былі выхаваны на эстэтыцы Мілана, дзе працяглы час уладарыў род Сфорцаў. У Мілане шмат гадоў працаваў славуты Леанарда да Вінчы. Жывапісец у той час быў ваенным капеланам. Істотнае месца ў ягонай архітэктурнай спадчыне займае праектаванне фартыфікацыйных збудаванняў. Сярод італьянцаў было нямала людзей, захопленых творчасцю Леанарда, яго ідэямі, у тым ліку - і Бона Сфорца, якая прыехала разам са сваёй світай у Рэч Паспалітую. Не выпадкова італьянскія дойліды, якія прыбылі сюды, адбудоўвалі Вавельскі замак у Кракаве, а потым прымалі ўдзел ў будаўніцтве замка ў Вільні. Гродна ў 1541 годзе атрымала водаправод, былі забрукаваны яго вуліцы, гандлёвая плошча. Мінск пасля пажару 1547 года пачаў адбудоўвацца па плане, распрацаваным італьянскімі спецыялістамі.
У цэнтры горада распачалі ўзводзіць мураваныя жылыя пабудовы, якія называлі камяніцамі. У гэты час з'явіўся тэрмін "палац" - ад італьянскага слова "палацца". Напрыканцы міжнароднай канферэнцыі ў НББ Пасол Італіі зазначыў, што яго краіна мае намер развіваць двухбаковыя стасункі на новым узроўні, надаць культурнаму, гуманітарнаму супрацоўніцтву новы імпульс. Ён нагадаў, што ідзе размова пра адкрыццё у Мінску Інстытута культуры Італіі, плануецца заключэнне пагадненняў з беларускім бокам аб супрацоўніцтве ў культурнай, адукацыйнай галінах, у справе наладжвання абменаў паміж універсітэтамі дзвюх дзяржаў.
На здымках: "Аўтапартрэт" Леанарда да Вінчы; чарцёж шматкупальнага касцёла (праект Леанарда да Вінчы). Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы (акварэль канца ХІХ ст.); чарцяжы Джаванні Марыя Бернардоні.
Ілюстрацыі прадастаўлены Тамарай ГАБРУСЬ