Конкурс стаўся сапраўдным "музычным прынашэннем" памяці вялікага маэстра. На яго адкрыцці дэманстраваўся дакументальны фільм пра В.Роўду "Мая 80-я восень". Удава дырыжора Сафія Ваяводская перадала ў дар Акадэміі, дзе Віктар Уладзіміравіч працаваў да апошняга дня жыцця і амаль паўстагоддзя ўзначальваў кафедру, якой сёлета спаўняецца 75 гадоў, каштоўныя ўзнагароды, атрыманыя ім за працу са студэнцкім хорам.
Цяпер хор Акадэміі музыкі ўзначальвае вучаніца В.Роўды - лаўрэат міжнародных конкурсаў Інеса Бадзяка, якая і стала адным з арганізатараў дадзенага творчага спаборніцтва. А сам хор Акадэміі стаўся адной з галоўных дзейных асоб конкурсу. Бо ў абодвух турах удзельнікі павінны былі дэманстраваць непасрэдную працу менавіта з гэтым калектывам. Быў вызначаны і адпаведны рэпертуар, і абавязковы твор - трохчасткавая "Споведзь" беларускага кампазітара Вячаслава Кузняцова на тэксты Льва Талстога. Дый лістападаўскі час правядзення конкурсу быў абраны невыпадкова: 10 лістапада - 87 гадоў з дня нараджэння В.Роўды, а 18-га - 2 гады з дня яго смерці.
Аляксей СВЕЦІЧ