|
Адкрыў імпрэзу намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Лапцёнак. Ён зазначыў: сталася добрай традыцыяй праводзіць у міністэрстве інфармацыі выстаўкі знакамітых мастакоў, фотамайстроў. У Пятра Кастрамы вельмі цікавая біяграфія. Ён рос разам з краінай. Працаваў Пётр Кастрама ў Карагандзе на вугальных шахтах. Пасля вярнуўся на радзіму і прымаў удзел у будаўніцтве мінскага метрапалітэна. Пётр Кастрама - фотамайстар і гісторык нашага метро. На выстаўцы прадстаўлена невялікая колькасць тых здымкаў, якія былі зроблены на працягу шматгадовай працоўнай дзейнасці фатографа. У сваім выступленні першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч падкрэсліла, што фотамайстар, здымаючы людзей, падзеі, прыроду, заўсёды знаходзіцца ў цэнтры жыцця. Пётр Кастрама - гэта жывая гісторыя і сведка жывой гісторыі. Вока майстра адкрыла для сучаснікаў і будучых пакаленняў прыгожыя краявіды нашага краю. "Творчасць Пятра Кастрамы - не толькі гісторыя, гэта станаўленне беларускай дзяржаўнасці", - падкрэсліла Лілія Ананіч. Загадчык аддзела фотаілюстрацый "К" Юрый Іваноў, які завітаў на адкрыццё выстаўкі, адзначыў: "Калега ідзе ў нагу з часам, ён не забягае наперад і не адстае. Так трымаць!"
Н.К.
На здымку: Пётр Кастрама, Лілія Ананіч, Ігар Лапцёнак пад час вернісажу.
Фота Юрыя ІВАНОВА