У Томску, дзе базіравалася трупа, ставіліся спектаклі паводле твораў Кандрата Крапівы, Янкі Купалы. Не абыходзіў увагай тэатральны калектыў і сусветную класіку, сярод якой — “Скнара” Мальера, “Без віны вінаватыя” Астроўскага, “Апошнія” Горкага. Здавалася б, звычайнае, будзённае тэатральнае жыццё.Але не: зазірнуўшы ў кнігу запісаў дзяжурных па спектаклях БДТ-1 за 1943 год, можна натрапіць на даволі цікавыя звесткі. Аказваецца, тэатр праводзіў надзвычай актыўную гастрольную дзейнасць па маленькіх, самых аддаленых вёсках і пасёлках Новасібірскай вобласці. Вось як апісваецца падарожжа ў сяло Мядзведзева: “24 ліпеня. Вёска ў тайзе: за ганкамі хат — невыкарчаваныя пні, сцяжынкі, бруд. Навокал абступіў кедрач глухім масівам на сотні кіламетраў. Дэкарацыі везлі па водным басейне дробных прытокаў у сяло і метраў сто неслі ў клуб. Нягледзячы на адсутнасць умоў, ігралі п’есу. Святло — дзве дзесяцілінейныя лямпы-газоўкі.
Жаночы ансамбль БДТ-1 на Калінінскім фронце ў 1943 годзе. |
У тайзе акцёраў прымалі не проста “на ўра”. Даходзіла да таго, што мясцовыя жыхары скардзіліся на тое, што з-за адсутнасці месцаў не змаглі трапіць на спектакль. Як пішацца ў справаздачы, пад час гастролей была “масса жалоб, просьб, слёз не могущих попасть на спектакль...” А чаго вартыя словы: “Следует отметить большой успех сцены “У хаце Рыгора” из спектакля “Партизаны” на белорусском языке везде, где мы её играли...”
Цікавы факт: тагачасны загадчык літаратурнай часткі БДТ-1 Яўген Рамановіч у справаздачы аб дзейнасці за перыяд з чэрвеня 1941 года па жнівень 1943 да начальніка ўпраўлення па справах мастацтваў пры Саўнаркаме СССР адзначыў, што акцёры з прычыны недастатковай колькасці спектакляў на роднай мове “не працуюць над беларускай арфаэпіяй, не ствараюць нацыянальных каштоўнасцей”, а гэта не адпавядае задачам тэатра. Кіраўніцтва прыслухалася, і — як вынік — у 1944 годзе была пастаўлена славутая купалаўская “Паўлінка”, што цягам ужо 65 гадоў не сыходзіць са сцэны.
Франтавымі шляхамі
Пры ўсім актыўным творчым працэсе хіба можна было пакінуць па-за ўвагай тых, хто непасрэдна здабываў Перамогу? Як адзначаў Яўген Рамановіч, з першых дзён вайны, яшчэ знаходзячыся ў Адэсе, тэатр неадкладна “ўключыўся ў мастацкае абслугоўванне” байцоў, якія адпраўляліся на фронт, у медпункты, ваенныя часткі, на караблі Чарнаморскага флоту.
Быў створаны шэраг брыгад, жаночы харавы ансамбль і група народных танцаў. Як сведчаць архіўныя матэрыялы, з мэтай падтрымкі баявога духу воінаў створаная тэатральная брыгада пабывала ў 1943 годзе і на Калінінскім фронце. У яе склад увайшлі лаўрэат Сталінскай прэміі Г.П. Глебаў, мастацкі кіраўнік тэатра Л.Г. Рахленка, артысты В.М. Пола і Р.М. Кашэльнікава, а таксама Шапко, Ямпольскі, Пекур, Глікман, Стома, Шапялевіч, Лідская і Зайчык.З франтавой пуцёўкай Цэнтральнага дома культуры Арміі брыгада выехала з Масквы 2-га чэрвеня і ўжо праз тры дні распачала працу ў ваенных частках, якую працягвала да 23-га чэрвеня. За гэты час брыгада дала 65 спектакляў і 71 канцэрт, а таксама 7 спектакляў і 2 канцэрты ў палітупраўленні фронту. У цэлым было праведзена 85 выступленняў, на якіх прысутнічала звыш сарака тысяч чалавек.
Брыгада 1-га Беларускага драматычнага тэатра давала канцэрты на перадавой, у
Афіша спектакля па п’есе Я.Рамановіча “Палешукі”, |
Вось як характарызуецца выступленне франтавой брыгады ў адпаведнай справаздачы ва Упраўленне па справах мастацтваў пры Саўнаркаме СССР: “Абслугоўваць нам давялося пераважна часткі, змешчаныя на перадавой, і, нягледзячы на ўсю складанасць і цяжкасць гэтай працы, наша брыгада, аб’яднаная адзіным патрыятычным парывам, лёгка пераносіла ўсе цяжкасці, звязаныя з 10-12-кіламетровымі пераходамі і стомленасцю, і давала ў сярэднім 5 выступленняў штодня, бо на ўласныя вочы мы пераканаліся ў тым, што сваёй сціплай працай байцам і камандзірам прыносім колькі радасных хвілін.
Нашы выступленні ў большасці сваёй адбываліся на палянах у вялікім шатры зялёнага колеру, які мы спецыяльна вазілі з сабой з улікам паказу праграмы ў любых умовах фронту. На фоне гэтага простага шатра, дрэў і зеляніны вельмі ярка вылучаліся пярэстыя гарнітуры эпохі Мальера, і ў гэтым было своеасаблівае хараство і свежасць. Спектакль карыстаўся велізарным поспехам. Аўдыторыя была вельмі ўдзячная за тое, што мы не прывезлі з сабой, як яны кажуць, “разумнай” п’есы, якая павінна нас агітаваць, як лепш трэба ваяваць”. Ва ўсіх было адзінае меркаванне: п’еса, якая выклікае здаровы смех,— гэта лепшы рэпертуар для фронту.
Неаднаразова струнны квартэт і беларускія песні ў выкананні квінтэта выціскалі слязу ў байцоў і камандзіраў, а ўначы яны ішлі ў бой, штурмавалі вышыні, адбіваючы ў немцаў лепшыя пазіцыі”.
Наколькі такія тэатралізаваныя пастаноўкі былі важнымі і неабходнымі для байцоў, сведчыць хіба той факт, што звычайна, замест запланаванага 50-хвіліннага, выступленне доўжылася больш за дзве гадзіны. Апрача гэтага, Н.Дземянцееў у артыкуле “Артысты на фронце” згадваў выпадак, калі лётчык, які вяртаўся на базу пасля баявога задання, заўважыўшы акцёраў пад час выступлення, “перайшоў на брыючы палёт, з выключаным рухавіком праляцеў над сцэнай і, перагнуўшыся цераз борт, крыкнуў: “Калі ж, нарэшце, да нас прыедзеце?”
Канстанцін АНТАНОВІЧ
Фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага
архіва-музея літаратуры і мастацтва